Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казімер Чарноўскі


Уладзімер Арлоў, Менск 1791, маёнтак Карытніца (цяпер Чэрвеньскі раён) — 8.11.1847, г. Сарапул, Расея.

У Нацыянальным музэі гісторыі й культуры Беларусі я маю два ўлюбёныя экспанаты. Першы — гармата, якая стаіць каля уваходу, бо якраз на яе выходзіць вакно майго гэтак званага кабінэту. Другі — мадэль субмарыны з музэйных фондаў, бо за ёю — адзін з самых незвычайных лёсаў, зь якімі я сустракаўся ў сваіх гістарычных штудыях.

Лёс гэты, між іншага, сьведчыць, што прадстаўнікоў старажытнай прафэсіі стукачоў ніколі не бракавала нават сярод сяброў самых радыкальных партый і арганізацыяў. Дзякуючы аднаму зь іх менскі шляхціч Казімер Чарноўскі, студэнт Пецярбурскай мэдычна-хірургічнай акадэміі, быў арыштаваны за прыналежнасьць да “Нацыянальнага патрыятычнага таварыства” і мусіў памяняць акадэмічныя аўдыторыі на камэру-адзіночку Петрапаўлаўскай фартэцы.

Яго дапытваў сам шэф жандараў генэрал А. Х. Бэнкендорф, які ветліва прапанаваў Казімеру запісацца ў платныя агенты. Тым разам у Аляксандра Хрыстафоравіча (трэба сказаць, вялікага майстра такіх угавораў) атрымалася асечка. Сюжэт рызыкаваў завяршыцца сярод астрожных пацукоў, калі б вязьня, апрача праектаў справядлівага пераўтварэньня грамадзтва, не наведвалі б ідэі з зусім іншае сфэры.

У 1829-м на стол Мікалаю І легла папера з подпісам ужо забытага небясьпечнага нелегала. Цар ня даў веры вачам: гэта была ня просьба пра памілаваньне, а фантастычная прапанова пабудаваць для расейскага флёту падводны карабель. Застаецца адно здагадвацца, чым было выкліканае прашэньне: ці то жаданьнем любым коштам вырвацца на волю, ці то апантанасьцю сваімі інжынэрнымі ідэямі. Але факт застаецца фактам: беларус Чарноўскі ўпершыню ў сусьветнай практыцы прапанаваў будаваць субмарыны цалкам з мэталу. Ён жа на чвэрць стагодзьдзя раней за галяндца Ван-Эльвіна распрацаваў канструкцыю пэрыскопу, прыдумаў амартызатар для донных пагружэньняў і стаў аўтарам шэрагу іншых унікальных вынаходак.

Дзяржаўны злачынца, якога можна назваць і дзяржаўным вынаходнікам, чакаў калі не вызваленьня, дык хаця б паляпшэньня турэмных умоваў. Замест гэтага прыйшоў загад аб пераводзе ў Шлісэльбурскую цытадэль, дзе рэжым быў яшчэ страшнейшы. У прыступе роспачы Чарноўскі ўдарыў сябе ў грудзі нажом і амаль год праваляўся на турэмных нарах.

У 1834-м рэгістрацыйная кніга цытадэлі папоўнілася запісам пра перавод злачынцы на высылку ў Архангельск, дзе наш суайчыньнік не бяз посьпеху займаецца праектаваньнем жылых будынкаў, у выніку чаго атрымлівае пасаду намесьніка гарадзкога архітэктара. Здавалася б, пасьля пяці гадоў адзіночнай камэры можна і супакоіцца. Але такі modus vivendі не для гэткіх характараў. Казімер запрашае да сябе на кватэру двух высланых за ўдзел у вызваленчым паўстаньні 1831 году суайчыньнікаў і, разьліўшы па шклянках грог, прапануе захапіць Архангельскі порт і ўзяць на караблях курс на Гішпанію, каб дапамагчы пірынэйскім рэвалюцыянэрам. Адзін з удзельнікаў змовы старанна закусвае, а, вярнуўшыся дадому, піша данос. На справе Чарноўскага зьяўляецца рэзалюцыя імпэратара: пажыцьцёвая высылка з найсуровейшым наглядам у Вяцкую губэрню...

Ня выключана, што сярод наведнікаў нашага Нацыянальнага музэю час ад часу трапляецца айчыннае турэмнае начальства. Магчыма, яму каля мадэлі субмарыны Чарноўскага таксама прыходзіць у галаву думка пра ўдзельную вагу карысных для дзяржавы грамадзян сярод сёньняшніх вязьняў менскіх “валадаркі” і “амэрыканкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG