Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Сьмяротнае пакараньне павінна быць добраахвотным..."


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за аўторак, 7 лістапада. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон “Свабоды” 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў ў Беларусі і сьвеце. Тэлефон Свабоды – гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам таксама можна дасылацьСМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 8-029-391-22-24.

(Спадар:) “Добры дзень, даражэнькая! І мне прыемна выказаць Вам вось такую прапанову. Вось скакаў я па гораду і ўспамінаў гэтую байку пра Курачку-Рабку і Залатое яйка, таму што я шукаў-шукаў, дзе можна купіць песьні Данчыка. І вось песьні ў апошняй апрацоўцы вельмі і вельмі добрыя, але амаль што дзесяць крамаў я абышоў і паўсюль пытаўся: “У Вас ёсьць запіс Данчыка, яго песень на DVD?” “Не”. – “А што-небудзь яшчэ беларускае ёсьць?” – “Нічога няма”. Дык вось парайце, як гэта купіць. Я вось думаю, калі мне ўжо падаравалі гэтую кніжку “Беларуская Атлянтыда,” дык, можа, мне дапаможа той самы Вячаслаў Ракіцкі. Дзякуй Вячаславу за ўсё. Добрага-добрага Вам усім здароўя, таму што я адчуваю, як цяжка працаваць у такім кругавароце. А Вы заўсёды і раніцою, і ў вечары, калі мне выпадае дабрацца да эфіру, я заўсёды чую Вашыя галасы. Добрага-добрага Вам здароўя і, калі можа Вячаслаў нечым дапамагчы, няхай мне патэлефануе.”

“Вось наконт Хусэйна магу сказаць, што, дзякуй Богу, цывілізаваная культура і цывілізаваны гуманізм перамог. Перамог дыктатарскія рэжымы пад іменем гуманізму. Маадзэдунізм, кубізм і карэйскую, і сталінскую дыктатуру, і гэтак далей. Таму што гуманізм цывілізаваны азначае перамогу народнай дэмакратыі. І я ўсім сэрцам падтрымліваю гэты вырак, пераадолелі фанатызм рэлігійны і прысудзілі да павешаньня дыктатара. Добрага здароўя ўсім гуманістам цывілізаванага сьвету”.

“Добрай раніцы. Хачу выказаць такую прапанову. Задайце на вуліцы пытаньне людзям: ці не зьнішчае нашую нацыю зноўку русыфікацыя? Альбо можна адчыніць рубрыку і задаць такое пытаньне: як зьнішчае нацыю зноў русыфікацыя? Адным словам, рубрыку можна адчыніць і задаць пытаньне на вуліцы ўсім, хто ёсьць. Гэта абавязкова трэба. Добрага Вам здароўя і добрай працы”.

(Спадар:) “Радавацца прысуду Хусэйна могуць толькі прадстаўнікі жывёльнага сьвету: Захад, Злучаныя Штаты, Аўстралія, гэтыя тэрарыстычныя тэрыторыі. Я хачу сказаць, што Хусэйн патрэбен быў Злучаным Штатам, каб выцягнуць зь яго інфармацыю супраць Расеі і іншых, нават супраць Беларусі. А так ён быў ім не патрэбен. Забілі дзьвюх яго дзяцей, маглі забіць і Хусэйна. Ім была патрэбная інфармацыя. Усё гэта палітычны заказ і, як той казаў, шоў амэрыканскае. Ірак акупіраваны, таму ніякіх судоў там быць ня можа. Там можа быць толькі суд-расправа”.

(Сп. Андрэй, Пінск:) “Добры дзень. На гэтым тыдні быў вынесены сьмяротны прысуд Садаму Хусэйну. Думаю, што прыгавор справядлівы. Ці думаў сам Садам Хусэйн, што ўсё так скончыцца для яго? Ці думаў ён пра гэта, калі, нягледзячы на цяжкі стан мільёнаў сваіх суайчыньнікаў, будаваў для сябе дзесяткі палацаў, калі паставіў у іх па некалькі ўнітазаў з чыстага золата, калі садзіўся на гэтыя ўнітазы з чыстага золата? Ці думаў ён пра тое, што ўсё так для яго скончыцца? Напэўна, не. Я думаю, што гэта многім павінна быць урокам. І думаю, што справядлівасьць узяла верх. Дзякую за ўвагу”.

(Васіль Цюхай, Беразіно) “Добры дзень. Некалі раней я выказваўся на хвалях “Свабоды” на тэму сьмяротнага пакараньня, але з нагоды выраку Садаму Хусэйну, я вырашыў, што ня лішне будзе сказаць яшчэ раз. Сьмяротнае пакараньне павінна быць добраахвотным. Гэта значыць, што дзяржава павінна выдаваць кожнаму асуджанаму таблетку імгненнай атруты. І няхай ён сам вырашае, ці сядзець свой тэрмін, ці выправіцца ў лепшы сьвет. Такое самае меркаваньне ўскосна выказаў Уладзімер Караткевіч у сваім рамане “Чорны замак Альшанскі”. Там адзін зь ягоных герояў меў атруту ў зубе.

Дзяржава не мае права адымаць у чалавека жыцьцё, але і вырашаць за чалавека, што ён павінен жыць, дзяржава, грамадзтва і іншыя людзі таксама ня маюць права. Гэта тая самая праблема эўтаназіі. Існуе заканамернасьць, што краіны, якія ўвялі мараторый ці ўвогуле забарону на сьмяротнае пакараньне, жывуць лепей. З гэтага шэрагу выпадаюць ЗША. Значыцца, забарона на сьмяротнае пакараньне – гэта не прычына дабрабыту, а вынік, вынік свабоды слова, напрыклад. Што да забойства, дык аматарам рэлігійнай маралі скажу так. Забойства трэба разумець духоўна. Забіць – адняць жыцьцё. Духоўнае забойства – гэта пазбаўленьне свабоды”.

“Адзін слухач папракнуў, што на “Свабодзе” шостая гадзіна пачынаецца пасьля шасьці. Ён сказаў, што ад нуля да гадзіны ночы – гэта нулявая гадзіна. Справа ў тым, што нуль гадзінаў – гэта 24 гадзіны альбо 12. Адпаведна, 24-ая ці 12-ая. А па версіі слухача, “нулявая гадзіна” ўсё роўна ёсьць, і яна пачынаецца а 23-й. Тут варта зазначыць, што ў календары няма нулявога году. Але ж людзі выдатна абыходзяцца і безь яго. І гады называюцца па цяперашнім годзе, а не па наступным”.

(Спадарыня:) “Ня трэба асуджваць так жорстка. Дастаткова выгнаньня з краіны. А ўвогуле, прысуду заслугоўвае ўся супольнасьць за тое, што адны са шкуры лезьлі дагадзіць крыважэрнаму важаку, а другія пра ліха чужое чулі і ведалі, ды толькі весяліліся і смачна сьнедалі”.

(Спадарыня:) “Сытуацыя зь беларускім цукрам яшчэ раз пацьвердзіла, што Пуцін не адпавядае кіраўніку дзяржавы. Чалавечнасьць, прыстойнасьць, гаспадарчасьць і законнасьць для яго не прымальныя. Яго амбіцыі, жаданьне стаць над іншымі мацней разумных, законных дзеяньняў. Надоечы перакрыў газ для Беларусі, гэтым нанёс шкоду Эўропе. Цяпер заблякаваў цягнік з цукрам, чым парушыў законны дагавор на пастаўку цукру. Калі б страты за прастой Пуцін аплаціў асабістымі грашыма, толькі б тады ён зразумеў, што легкадумнасьць і мэтады кэдэбіста не прымальныя ў адносінах да кіраўніка дзяржавы. Слабак Пуцін і помсьлівы чалавечак”.

(Спадар:) “Віншую Вас усіх бэнээфаўцаў, незалежных, залежных з Днём Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, якая дала магчымасьць рабочым і сялянам быць ва ўладзе саветаў, народа, якая дала свабоду, незалежнасьць, дэмакратыю. Кожны мог вучыцца, адпачываць, працаваць і гэтак далей. Толькі здраднікі нашай вялікай радзімы разграмілі Савецкі Саюз, дзе быў чалавек чалавеку – сябар, таварыш і брат. А цяпер робяць: чалавек чалавеку – воўк. Гэта зноў прывядзе да такой жа Кастрычніцкай Беларусі. Такім, як Шушкевічу, Пазьняку далі магчымасьць атрымаць вышэйшую адукацыю. А цяпер яны стаяць ва ўладзе разбурэньня народаў. Яны разбураюць беларускую рэспубліку. Няхай яны падумаюць, чым яны займаюцца? Вось такое маё меркаваньне, ці як яго тут назваць, ня ведаю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG