Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Артур Фінькевіч будзе дыстанцыйна вучыцца ва ўкраінскім унівэрсытэце


Любоў Лунёва, Менск Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Артур Фінькевіч, які адбывае пакараньне на “хіміі” ў Магілёве за палітычныя графіці, будзе вучыцца ва ўкраінскім унівэрсытэце. Маладафонтаўцу далі магчымасьць вучыцца дыстанцыйна на факультэце міжнародных дачыненьняў

Артур Фінькевіч будзе вучыцца ў Кіеўскім інстытуце славяназнаўства на факультэце міжнародных дачыненьняў. Лідэр украінскай моладзевай арганізацыі “Студэнцкае брацтва” Алег Яцэнка паведаміў “Свабодзе”, што рэктарат пайшоў насустрач і зрабіў выключэньне для Артура Фінькевіча, бо хлопец пазбаўлены магчымасьці пакідаць месца адбыцьця пакараньня. Артур будзе дасылаць курсавыя і кантрольныя работы ва Украіну поштай.

Алег Яцэнка быў са сваімі сябрамі ў Беларусі пад час выбарчай кампаніі. Пяцёра грамадзянаў Украіны адбывалі арышт у турме на Акцэсьціна. Іх затрымалі пасьля сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з выбаршчыкамі каля Лядовага палацу. Гаворыць Алег Яценка:

(Яцэнка:) “У сувязі з рэпрэсіямі ў Беларусі актывісты моладзевай грамадзкай арганізацыі “Студэнцкае брацтва” вырашылі дапамагчы беларускім студэнтам, якіх выключылі альбо рэпрэсавалі ў Беларусі, дамагчыся, каб іх залічылі на бясплатнае навучаньне ва Ўкраіне. Яны змогуць атрымаць украінскія дыплёмы факультэту міжнародных дачыненьняў, эканомікі, мэнэджмэнту. Такім чынам, мы падтрымаем дэмакратычны рух у суседняй краіне”.

Лідэр “Студэнцкага брацтва” паведаміў, што украінскія партнэры будуць працягваць супрацоўніцтва з беларускімі моладзевымі арганізацыямі. Яны будуць ладзіць сумесныя сэмінары, арганізоўваць адпачынкі ва ўкраінскіх Карпатах і Крыме.

З нагоды сьвяточных дзён міліцыя працуе ва ўзмоцненым рэжыме. Артуру Фінькевічу сёньня не дазволілі выйсьці з інтэрнату спэцкамэндатуры. Ён яшчэ ня ведае, ці дасьць яму магчымасьць адміністрацыя камэндатуры наведваць бібліятэку. Паводле беларускага заканадаўства студэнты, якія адбываюць пакараньне на”хіміі”, маюць магчымасьць здаваць сэсіі, але выключна ў беларускіх ВНУ. У Магілёўскай спэцкамэндатуры быў выпадак, калі хлопец вучыўся на стацыянарным аддзяленьні. Ён прыходзіў начаваць у інтэрнат.

(Фінькевіч:) “Я вельмі ўдзячны тым людзям, якія арганізавалі мне магчымасьць вучыцца дыстанцыйна, не губляючы тых паўтара-двух гадоў, якія б я згубіў, калі б не вучыўся. Адукацыя для мяне вельмі важная, асабліва ўлічваючы тое, што ў будучыні, безумоўна, спатрэбіцца ня менш за дзьве вышэйшыя адукацыі. Мне тут будуць людзі дапамагаць з падручнікамі, па якіх я змагу здаваць свае сэсіі”.

Калі Артур Фінькевіч атрымае дакумэнты з інстытуту, то пойдзе да кіраўніцтва спэцкамэндатуры па дазвол наведваць бібліятэку й карыстацца інтэрнэтам.
XS
SM
MD
LG