Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіянальныя лідэры пра вынікі канфэрэнцыі ў Кіеве


Вячаслаў Кулік, Менск Радыё Свабода папрасіла пракамэнтаваць вынікі кіеўскай канфэрэнцыі рэгіянальных кааліцыяў аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі некаторых удзельнікаў сустрэчы.

Кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі партыі БНФ Сяргей Мальчык быў адным зь вядучых канфэрэнцыі ў Кіеве.:

(Мальчык: ) “Рэгіёны жадалі сказаць сваё слова. Гэта – першае. Другое: рэгіёны стаміліся ўвесь час чакаць пасіўна нейкіх рашэньняў зьверху. Мы вырашылі больш актыўна ўплываць на падзеі. Таму рэгіёны прапанавалі вылучыць у палітычную раду дэмакратычных сілаў прадстаўнікоў з правам дарадчага голасу ад кожнай вобласьці. Яны мусяць прысутнічаць на пасяджэньнях палітрады, дзе вызначаюцца пытаньні стратэгіі і тактыкі дзеяньняў”.

Кіраўнік Менскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін яшчэ ў часе першага Кангрэсу дэмсілаў прапаноўваў надаць яму статус стала дзейнай арганізацыі. Цяпер аўтар ініцыятывы задаволены вынікам галасаваньня на канфэрэнцыі ў Кіеве. Са словаў спадара Марголіна, за правядзеньне чарговага кангрэсу галасавалі 57 удзельнікаў канфэрэнцыі:

(Марголін: ) “Я лічу, што кангрэс праводзіць трэба. Працэдура, што прапаноўваецца, нашмат больш дэмакратычная, чым раней. Тым больш, што яна ўпісваецца ў мясцовыя выбары. Заўважу, што мы не разглядаем іх як выбары, а як палітычную кампанію. Яны даюць нам шанец выкарыстаць гэтую легальную працэдуру, каб дэмакратычным чынам падрыхтаваць новы кангрэс”.

Мы бачым, што няма іншага шляху, каб далучыць да агульнага руху партыю Казуліна. Таксама новы кангрэс можа надаць больш аўтарытэту палітрадзе. І яшчэ. Як мы можам лічыцца дэмакратамі, калі абралі лідэра, а ён не зрабіў пакуль ніводнай справаздачы? Мы мусім самі сябе прызвычайваць да дэмакратычных працэдураў”.

Апанэнтамі яго прапановы на канфэрэнцыі ў Кіеве былі 37 ўдзельнікаў, якія галасавалі супраць скліканьня чарговага кангрэсу. Пісьмовае абгрунтаваньне гэтаму даслаў на канфэрэнцыю Юрась Губарэвіч – кіраўнік Берасьцейскага абласнога штабу Аляксандара Мілінкевіча на прэзыдэнціх выбарах.

(Губарэвіч: ) “Гэта ня толькі мая асабістая думка. Шматлікія рэгіянальныя актывісты, і ня толькі на Берасьцейшчыне, большасьць людзей, з якімі я гутарыў, ня бачаць аніякага сэнсу ў правядзеньні кангрэсу дэмсілаў. І больш за тое – яны бачаць, што гэта аслабіць апазыцыю. Людзі чакаюць прапаноў да пэўных канкрэтных дзеяньняў. А тое, што яны чуюць зараз – гэта прапановы зноў-такі рыхтавацца да кангрэсу, на якім нехта кагосьці будзе слухаць і толькі пасьля гэтага сфармуецца больш-менш канкрэтны плян. Усё гэта проста зацягвае час”.

У час гутаркі Алесь Губарэвіч, Леў Марголін і Сяргей Мальчык зрабілі заявы наконт збору подпісаў для вылучэньня сябе ў мясцовыя саветы трох узроўняў – абласны, гарадзкі і сельскі. Губарэвіч – на Берасьцейшчыне, Марголін – на Меншчыне, Мальчык -- на Гарадзеншчыне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG