Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзіны прадстаўнік Эўропы ў сьпісе “ворагаў інтэрнэту” – Беларусь


Ігар Карней, Менск Другі год запар Беларусь трапляе ў сьпіс “ворагаў інтэрнэту”, складзены паводле маніторынгу праваабарончай арганізацыі “Рэпартэры бязь межаў”. Сёлета ва ўсясьветны “чорны сьпіс” трапілі 13 дзяржаваў Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амэрыкі. Эўропу ў сумным “гіт-парадзе” прадстаўляе адзіная краіна – Беларусь.

Публікацыя сьпісу “ворагаў усясьветнага сеціва” прымеркаваная да кампаніі за свабодны доступ да інтэрнэту, якая стартавала сёньня па ўсім сьвеце. Аднак, як сьведчыць маніторынг праваабарончай арганізацыі “Рэпартэры бязь межаў”, улады шэрагу краінаў сьвядома перашкаджаюць карыстаньню сецівам, што парушае правы грамадзянаў на доступ да інфармацыі. Сярод галоўных ворагаў інтэрнэту ў 2006 годзе фігуруюць: Кітай, КНДР, Мьянма, Іран, Савудаўская Арабія, Сырыя, Эгіпет, Туніс, Віетнам, Куба, а таксама тры постсавецкія краіны – Туркмэністан, Узбэкістан і Беларусь.

У справаздачы праваабаронцаў адначаецца: дзяржаўнае прадпрыемства “Белтэлекам” зьяўляецца адзіным правайдэрам доступу ў інтэрнэт, што спрашчае ўладам кантроль над зьместам сайтаў. Паводле “Рэпартэраў бязь межаў”, у беларускіх інтэрнэт-кавярнях працуе спэцыяльная праграма для захаваньня інфармацыі аб дзейнасьці карыстальнікаў у інтэрнэце (праўда, ніводзін з апытаных супрацоўнікаў інтэрнэт-кавярняў на просьбу Радыё Свабода не пагадзіўся нават камэнтаваць такое цьверджаньне).

Як удакладняюць спэцыялісты, наўпростых сьведчаньняў ціску ўладаў на беларускі сэктар інтэрнэту ў сапраўднасьці няшмат. Перадусім, як лічыць адзін з заснавальнікаў інтэрнэт-крамы Юрый Асіпенка, з прычыны самацэнзуры і боязі саміх уладальнікаў беларускіх рэсурсаў. Напрыклад, усё часьцей гаспадары нават камэрцыйных сайтаў адмаўляюцца разьмяшчаць банэры з намёкам на палітычную афарбоўку. Як кажа спадар Асіпенка, з-за гэтага і рэклямадаўцы абыходзяць інтэрнэт бокам.

(Асіпенка: ) “Як і любое звычайнае выданьне, выданьне на паперы, вэб-старонкі павінны мець такую крыніцу фінансаваньня як рэкляма. Рэкляма мусіць зьмяшчацца на гэтых вэб-старонках і коштам гэтага існаваць у інтэрнэце бізнэсоўцу лягчэй. Але ж увогуле ўвесь беларускі бізнэс разьвіваецца вельмі цяжка, таму і рэклямавацца нашыя прадпрымальнікі не імкнуцца. Гэта адна з прычынаў комплексу праблемаў, назва якой – інтэрнэт не для беларускага бізнэсу. Пакуль што”.

Аднак, як дадае Юрый Асіпенка, спадзяваньні на лепшую пэрспэктыву ня вельмі выразныя. Зусім нядаўна ўлады абвясьцілі, што інтэрнэт-крамы будуць абавязаныя атрымаць ліцэнзыі на дзейнасьць і “легалізавацца” пад беларускім даменам BY.

Усё часьцей мусяць арыентавацца на інтэрнэт-аўдыторыю незалежныя беларускія мэдыі. Складанасьці з друкаваньнем і распаўсюдам прычыніліся да сыходу ў віртуальную прастору “БДГ. Деловой газеты”, “Салідарнасьці” ды іншых. Зьявілася прынцыпова новая форма выданьня – інтэрнэт-рассылка газэты, якую на ўласнае жаданьне можна альбо чытаць з манітору, альбо раздрукаваць на прынтэры. Як лічыць рэдактар электроннай газэты “Ежедневник” Сяргей Сацук, такая форма неўзабаве сябе апраўдае.

(Сацук: ) “Гэта першы такі прадукт, хоць некаторыя газэты і спрабавалі па дарагой цане сваю PDF-вэрсыю прадаваць. Попыту такая практыка не знайшла, бо, прыкладам, “БДГ” у 2000-м прапаноўвала PDF-вэрсыю па 100 даляраў за месяц. Гэта аказалася вельмі дорага і свайго спажыўца яна не знайшла. Мы лічым, што лепей распаўсюджваць бясплатна, дзякуючы чаму павялічыць колькасьць падпісчыкаў. І ўрэшце зарабляць коштам рэклямы, паколькі выдаткі ў параўнаньні са звычайнымі СМІ ў гэтым выпадку мінімальныя”.

Падчас аналягічнага маніторынгу, які “Рэпартэры бязь межаў” ладзілі год таму, узгадвавалася, што ў жніўні 2005-га Менская гарадзкая пракуратура пачала крымінальную справу паводле факту распаўсюду ў інтэрнэце мультфільмаў, якія нібыта прыніжаюць гонар і годнасьць прэзыдэнта Беларусі. Сайт стваральнікаў сатырычных анімацыйных фільмаў грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях” быў заблякаваны, а ініцыятарамі праекту заняліся спэцслужбы.
XS
SM
MD
LG