Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч непакоіцца, што прадстаўніцтва на Кангрэсе будзе звужанае


Уладзімер Глод, Менск Камэнтуючы для Радыё Свабода вынікі канфэрэнцыі рэгіянальных кааліцыяў аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі, якая прайшла ў Кіеве, Аляксандар Мілінкевіч паведаміў, што ўчора была ўхваленая стратэгія "два ў адным".

Згодна зь ёй кожны чалавек, які сабраў 300 подпісаў за сваё вылучэньне кандыдатам у дэпутаты альбо сябрам выбарчай камісіі, альбо пад палітычным пасланьнем да грамадзянаў Беларусі, аўтаматычна трапляе на Кангрэс дэмсілаў, які адбудзецца да 25 сакавіка 2007 году.

Аляксандар Мілінкевіч, які на першым кангрэсе быў абраны лідэрам дэмсілаў Беларусі, непакоіцца:

(Мілінкевіч: ) "Дрэнна тое, што пасьля такой схемы гэта будзе не Кангрэс дэмакратычных сілаў, як у кастрычніку мінулага году, а Кангрэс палітычных сілаў -- тых людзей, што ўдзельнічаюць у выбарах. А гэта вельмі вузкае кола параўнальна з нашымі агульнымі сіламі. Ня будзе вельмі многіх актывістаў грамадзкіх арганізацыяў, ня будзе пісьменьнікаў, ня будзе журналістаў, ня будзе прадпрымальнікаў і г.д. Таму гэта будзе значна звужаны кангрэс, на маю думку. А калі браць толькі тых, хто ходзяць на выбары, дык гэта часта пераважна беспрацоўныя. А той, хто працуе, у сёньняшніх умовах ужо баіцца ісьці на выбары -- прыкладам, дэмакратычны дырэктар школы альбо лекар. І мы звужаемся".
XS
SM
MD
LG