Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гарадзенскага музэя Васіля Быкава зьявіўся свой сайт


Міхал Карневіч, Горадня Старонка музэю зьявілася праз тры гады пасьля таго, як Гарадзенскім гарадзкім грамадзкім аб''яднаньнем вэтэранаў вайны, працы й ўзброеных сіл было прынята рашэньне аб стварэньні музэя Васіля Быкава. Гэта, па-сутнасьці, першы крок на Гарадзеншчыне па ўвекавечаньню памяці сусьветна вядомага пісьменніка адразу пасьля яго сьмерці.

Пакуль на сайце разьмешчаны толькі адзін артыкул дырэктара музэя Мікалая Мельнікава. У ім распавядаецца аб мэтах й задачах музэя, аб гісторыі яго стварэньня, а таксама аб экспанатах, ёсьць й некалькі здымкаў.

Паводле спадара Мельнікава, ужо ў бліжэйшы час, экспанаты музэя, сярод якіх асабістыя дакумэнты Васіля Быкава, лісты, чарнавыя рукапісы твораў, будуць пераводзіцца ў электронны выгляд, разьмяшчацца на сайце й стануць даступнымі для ўсіх, хто цікавяцца асобай Быкава. У бліжэйшы час зьявіцца гасьцявая старонка й форум.

Гарадзкія ўлады, а таксама камэрцыйныя арганізацыі адмовілі вэтэранам у якой-кольвеч фундатарскай дапамозе пры стварэньні музэя. Музэй й надалей працягвае мясьціцца ў цесным памяшканьні офіса вэтэранскай арганізацыі ў Горадні па адрасе: вуліца Савецкая, 31 пакой 12. Усе супрацоўнікі працуюць на добраахвотных умовах.

Нагадаю, што Васіль Быкаў пражыў у Горадні амаль 25 гадоў і за гэты час стварыў тут творы, дзякуючы якім стаў вядомым ва ўсім сьвеце пісьменьнікам.

• Музэй Васіля Быкава ў Гародні
XS
SM
MD
LG