Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маштаб падтрымкі палітвязьняў – сюрпрыз для міліцэйскай аховы


Алег Грузьдзіловіч, Менск Cёньня ў беларускіх турмах і на так званай “хіміі” адбываюць пакараньне за сваю палітычную ды грамадзкую дзейнасьць дзесяць чалавек. Якую дапамогу атрымліваюць гэтыя людзі, ці не забыліся пра іх у Беларусі і сьвеце?

Беларускія праваабаронцы імкнуцца аказваць максымальную падтрымку людзям, якія за свае перакананьні трапілі за краты: даюць юрыдычныя парады тым, хто апынуўся пад сьледзтвам, зьбіраюць і перадаюць харчовыя перадачы затрыманым, паведамляюць журналістам пра факты парушэньня правоў гэтых людзей. Вельмі цэняць палітвязьні і маральную падтрымку, арганізаваную праваабарончымі структурамі. Расказвае Яўгенія Астрэйка, маці асуджанага лідэра незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Мікалая Астрэйкі.

(Астрэйка: ) “Калі ён прыслаў першы ліст з калёніі, дык напісаў, што яго завалілі лістамі. І я лічу, што гэта “Міжнародная амністыя”, бо калі яго перавялі ў калёнію, адтуль званілі і пыталіся пра ягоны новы адрас”.

Шмат лістоў атрымліваюць беларускія палітвязьні ад неабыякавых людзей ня толькі зь Беларусі. Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч, які адбывае два гады “хіміі” ў Пухавіцкім раёне, кажа, што за палову тэрміну ўжо атрымаў 14 тысяч лістоў. Пра асобныя ён распавядае з асаблівай цеплынёй.

(Статкевіч: ) “Нядаўна я атрымаў два ліста з Англіі, ад беларусаў, якія там у эміграцыі. Ад М.Баяроўскага, які падтрымлівае мяне і выказвае спадзяваньне, што зьняволеньне ня зломіць мой дух. Тое самае прыблізна піша і Міхась Швэдзюк. Ён згадвае, як 10 лютага 1940 года ўсю іх сям’ю, 9 чалавек, НКВД арыштавала і адправіла ў Архангельскую вобласьць. Яму тады было 13 гадоў. Але ён змог выжыць і нават здабыць рэабілітацыю. Гэта вельмі добры маральны прыклад. Я вельмі ўдзячны гэтым людзям і ўсім, хто мне напісаў. Бываюць сапраўды цяжкія хвіліны, калі іх падтрымка вельмі патрэбная”.

Паводле Мікалая Статкевіча, тыя скрыні зь лістамі і паштоўкамі вельмі ўражваюць міліцыянтаў, якія яго ахоўваюць. “Для іх гэта вялікае адкрыцьцё, што беларускіх палітвязьняў гэтак падтрымліваюць людзі ў Беларусі і сьвеце”, – кажа Мікалай Статкевіч. Палітыку невядомыя выпадкі, каб ахоўнікі схавалі ад яго пошту.

Як толькі былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін трапіў у менскі сьледчы ізалятар, да яго дзясяткамі на дзень сталі прыходзіць лісты падтрымкі. Згадвае дачка палітыка Юля.

(Казуліна: ) “Калі ён сядзеў у ізалятары на вуліцы Валадарскага, то прасіў нас прыносіць яму болей паперы і капэртаў па СНД і Эўропе. І нават мне прыйшоў ліст з Украіны ад дзяўчыны, якая ўдзельнічала ў майдане. Яна пісала, што адправіла ліст тату і вырашыла нам таксама напісаць, вельмі захапляецца нашым татам. І нават цяпер мы зь ёй вядзем перапіску”.

Юля Казуліна паглядзела ў свой хатні архіў і знайшла прозьвішча сваёй новай сяброўкі. Гэта Натальля Шаравара з гораду Міронаўка Кіеўскай вобласьці. У апошнім лісьце дзяўчына пыталася пра адрас Аляксандра Казуліна ў віцебскай калёніі.

Беларускія палітвязьні ня толькі апынуліся ў ролі адрасатаў, але і самі праз лісты дапамагаюць адзін другому. Моладзевы актывіст Артур Фінькевіч, які адбывае “хімію” ў Магілёве, распавёў, што часта піша сябру, лідэру “Маладога фронту” Зьмітру Дашкевічу, якога ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары Менску. Зьміцер адказвае на кожны ліст сябра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG