Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць камуністы адзначаць 7 лістапада?


Радыё Свабода Сёньня чарговая гадавіна рэвалюцыі 1917 году. Пасьля распаду Савецкага Саюзу фактычна ўсе постсавецкія краіны, у тым ліку і суседзі Беларусі Расея ды Ўкраіна, пазбавіліся такога сьвята. Аднак, у Беларусі яно застаецца дзяржаўным. Як яго будуць сёньня адзначаць камуністы?

Напярэдадні ў Менску адбыўся ўрачысты сход і сьвяточны канцэрт, прысьвечаны Дню Кастрычніцкай рэвалюцыі. З афіцыйным віншаваньнем да грамадзянаў зьвярнуўся кіраўнік краіны. Аляксандар Лукашэнка між іншым заявіў, што Беларусь, маўляў, сустракае сьвята ў абстаноўцы палітычнай стабільнасьці й трывалага грамадзянскага міру.

Сёньня прадстаўнікі абедзьвюх камуністычных партый – КПБ і ПКБ – плянуюць ускласьці кветкі да помніка Леніну ў Менску. Гэтую цырымонію партыі заплянавалі паасобку. Дэманстрацый, як было за савецкім часам, у гэты дзень ня будзе. Тлумачыць старшыня праўладнай КПБ Тацяна Голубева:

(Голубева: ) “Ня трэба правакацыйныя пытаньні задаваць.Зусім іншая цяпер сытуацыя. Людзей ужо напужалі, калі забаранілі камуністычную партыю. Ясна, што ў нас адзінае, відаць, у адзінай дзяржаве на постсавецкай прасторы ў нас гэта сьвята – афіцыйнае, дзяржаўнае”.

Пасьля забароны кампартыі, сьвяткаваньне Кастрычніка на пэўны тэрмін зьнікла і зь беларускага календара. Нагадаем, напрыканцы 1991 году Станіслаў Шушкевіч падпісаў закон Рэспублікі Беларусь аб сьвяточных днях. 7 лістапада там адсутнічала. Але з рашэньня дэпутатаў Вярхоўнага Савету гэтае сьвята вярнулася зноў у 1995 годзе. Ягоным прыхільнікам быў кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка. Цяпер, паводле прэзыдэнцкага ўказу, 7 лістапада зьяўляецца “агульнарэспубліканскім, сьвяточным, непрацоўным днём”. А вось дзень памяці (Дзяды) і другі дзень Вялікадня, якія ўзаконіў у якасьці сьвятаў Станіслаў Шушкевіч, Аляксандар Лукашэнка адмяніў.

Апазыцыйная ПКБ сёньня таксама не плянуе дэманстрацыі. Гаворыць першы сакратар партыі Сяргей Калякін.

(Калякін: ) “Сёньня немагчымае правядзеньне ніякіх дэманстрацый. Нават дэманстрацыя ў падтрымку Лукашэнкі сёньня немагчымая, бо ўлада асьцерагаецца, што гэта можа прывесьці да адваротнага выніку. Таму ўлада баіцца, калі зьбіраецца некалькі чалавек. Бессэнсоўна, таму мы і не падавалі заяўкі, бо ведалі, які будзе адказ. Мы ня лічым сёньня мэтазгодным праводзіць гэту маніфэстацыю”.

Паводле Сяргея Калякіна, улады Беларусі выкарыстоўваюць 7 лістапада ў сваіх мэтах:

(Калякін: ) “Гэта шырма, якая існуе для дзейнага рэжыму, які маскіруецца пад левыя, камуністычныя погляды. Хаця рэжым сёньняшні абсалютна рэпрэсіўны і ніякага дачыненьня да левых сіл, да сацыял-дэмакратычных і камуністычных ідэй ня мае”.
XS
SM
MD
LG