Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць гадоў Курапацкай варце


Альгерд Невяроўскі, Менск У Курапатах сёньня адбудзецца сустрэча абаронцаў мэмарыялу. Мінула пяць гадоў ад часу, калі міліцыя спэцыяльнага прызначэньня разагнала лягер, удзельнікі якога баранілі мэмарыял ад разбурэньня. Побач з Курапатамі будавалася менская кальцавая аўтадарога. Варта абаронцаў мэмарыялу працягвалася 280 сутак.

Лягер абаронцаў Курапатаў паўстаў у верасьні 2001 году, калі побач з урочышчам пачалося пашырэньне менскай кальцавой аўтадарогі. Актывісты Маладога фронту, Зубра, Партыі свабоды ды іншых арганізацыяў паставілі ў Курапатах намёты, каб не пусьціць будаўнічую тэхніку на тэрыторыю мэмарыялу. Аднак 8 лістапада тэхніка рушыла ў бок урочышча. На яе шляху сталі людзі. Гаворыць адзін з абаронцаў Курапатаў, выканаўца абавязкаў Кансэрватыўна-хрысьціянскай парты БНФ у Беларусі Юры Беленькі:

(Беленькі: ) “Тады, пяць гадоў таму, здарылася тое, пра што ўлады нават і не хацелі думаць. Адбылася кансалідацыя беларускай грамадзкасьці. Той часткі, якая не раўнадушная ня толькі да Курапатаў, а да свайго лёсу, да лёсу народу. І людзі выйшлі перад бульдозэрамі, перад АМОНам. І адбылася духовая перамога людзей. Улады тады прайгралі”.

Абаронцы Курапатаў сёньня ўскладуць кветкі да галоўнага крыжа мэмарыялу, а сьвятары Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы адслужаць ва ўрочышчы набажэнства. Гаворыць адзін з абаронцаў Курапатаў, лідэр незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды Сяргей Высоцкі.

(Высоцкі: ) “ Мы будзем пад хрысьціянскімі крыжамі, нацыянальнымі сымбалямі ў Курапатах ушаноўваць памяць закатаваных камуністамі. Ушануем тых, хто не скарыўся сатане і са зброяй змагаўся з акупантам. Генэрала Булак-Балаховіча, Янку Філістовіча і ў новым нацыянальным супраціве абаронцаў Курапатаў”.

Былыя абаронцы Курапатаў заклікаюць усіх, хто меў дачыненьне да абароны мэмарыялу сёньня а 12 гадзіне наведаць ўрочышча.

Гл. таксама • Дарога праз Курапаты
XS
SM
MD
LG