Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трое грамадзянаў Беларусі гандлявалі ў Польшчы людзьмі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Варшаўская паліцыя арыштавала трох грамадзянаў Беларусі, якія падазраюцца ў гандлі людзьмі і ў тым, што змушалі дзяўчат – у тым ліку і непаўнагадовых – займацца прастытуцыяй.

Пасярэднікі-беларусы за аплату ў памеры 400 даляраў прывозілі дзяўчынаў зь Беларусі ў польскую сталіцу, дзе арыштаваныя цяпер двое мужчынаў і жанчына рабілі ім здымкі і зьмяшчалі на інтэрнэт-старонках, дзе прапаноўваюцца сэкс-паслугі. У беларусак, якіх трымалі ў зьнятых ў Варшаве кватэрах, адбіралі пашпарты, часам білі, каб яны не ўцяклі.

Адна з арыштаваных жанчынаў, 34-х гадовая Ала О., як аказалася, знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі таксама за падобныя злачынствы.

Падрабязнасьцяў справы паліцыя пакуль не падае, але вядома, што затрыманыя ў Варшаве злачынцы цягам чатырох гадоў падманулі і выкарысталі некалькі дзесяткаў жанчынаў. Арыштаваным пакуль што на 3 месяцы грамадзянам Беларусі пагражае да 10 гадоў турмы.

У фундацыі “Ля Страда”, якая змагаецца супраць гандлю жанчынамі, раяць беларускам добра спраўджваць, куды яны едуць і абавязкова пакідаць некаму з блізкіх людзей свае каардынаты за мяжой. Тое самае гавораць і ў паліцыі – інспэктар Ганна Смажак.

(Смажак: ) “Перад тым, як адказаць на аб’яву, трэба абавязкова даведацца, ці асоба, якая яе дала, спараўды з’яўляецца працадаўцам, ці мае права займацца пасярэдніцкай дзейнасьцю, шукаць працаўнікоў для замежных фірмаў. Вельмі важна, каб гэта была законная дзейнасьць”.

Ірэна Давідольчык з фундацыі “Ля Страда” кажа, што нярэдка дзяўчыны ведаюць, што зь імі можа здарыцца нешта дрэннае, але нягледзячы на гэта едуць працаваць на захад на запрашэньне падазроных асобаў.

(Давідольчык: ) “Гэта як пераходзіць дарогу на чырвонае сьвятло. Кожны думае, што ня трапіць пад аўтамабіль. Але гэтымі рэчамі займаюцца прафэсіяналы”.

Фундацыя “Ля Страда” мае варшаўскі тэлефон даверу, куды можа пазваніць жанчына, якую змушаюць займацца прастытуцыяй: (48 22) 628 99 99. Гаварыць можна па-расейску, у фундацыі ведаюць, падкажуць і дапамогуць як і калі лепш зьвязацца з паліцыяй, як уцячы ад злачынцаў.

Паводле статыстычных дадзеных, цягам апошніх 10 гадоў у Польшчы былі скончаныя каля 80 сьледзтваў супраць асобаў, якія змушалі жанчынаў да прастытуцыі. Сярод пацярпелых больш за ўсё беларусак – 209.
XS
SM
MD
LG