Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянская сямейная пара Джуста-Барначын ледзь не патанула ў моры


Радыё Свабода Сямейная пара Марыя К’яра Барначын і Алесандра Джуста ізноў ў цэнтры ўвагі італьянскіх журналістаў. Пасьля безвыніковых спробаў забраць да сябе ў сям’ю беларускую сірату Віку Мароз, Марыю К’яру і Алесандра ледзь не напаткала чарговае няшчасьце. У гэтыя выходныя, выйшаўшы ў мора на сваёй паруснай лодцы, яны перакуліліся ў ваду. На шчасьце мужа і жонкі, іх выпадкова убачылі зь гелікоптэра. Падрабязнасьці здарэньня падаюць газэта Іl Giornale ды іншыя італьянскія выданьні.

У гэты ўік-энд, упершыню за час пасьля вяртаньня Вікі Мароз на радзіму сям’я Джуста-Барначын вырашыла адпачыць. Зьвестка пра тое, што Віка уладкаваная ў прыёмную сям’ю, дзе выхоўваецца яе брат, што за ёй па-ранейшаму застаецца яе сіроцкі статус, дала італьянцам чарговую надзею на ўдачарэньне дзяўчынкі.

Як пішуць выданьні, субота і нядзеля на узьбярэжжы былі цёплымі і прыгожымі, а мора спакойным.

“Мы вырашылі скарыстацца добрым надвор’ем і выйсьці ў мора, – расказваюць Марыя К’яра і Алесандра. – Мы ўзгадалі, як разам зь Вікай выходзілі ў мора на нашай паруснай лодцы, і як гэта было цудоўна. Мы пайшлі ў мора ўвечары, адплылі ад Кагалета мэтраў 30, як раптам у моры пачаўся шквальны вецер, і нашу лодку перакуліла.”

Як сьведчаць выратавальнікі, пара праявіла пэўную легкадумнасьць, не паслухаўшыся сыноптыкаў. Напярэдадні служба надвор’я ў Кагалета неаднойчы папярэджвала жыхароў пра моцныя паўночныя ветры. Паводле выратавальнікаў, Марыя К’яра і Алесандра былі, на шчасьце, апранутыя ў добрую непрамакальную вопратку. У чаканьні дапамогі муж і жонка правялі нямала часу ў вадзе, трымаючыся за борт свайго парусьніка. Выпадкова над месцам здарэньня пралятаў вартавы гелікоптэр. Брыгада перадала інфармацыю выратавальнікам. На месца быў накіраваны катэр.

Як пішуць італьянскія выданьні, выратавальнікі палічылі стан Джуста і Барначын добрым, а таму ня сталі шпіталізаваць іх.
XS
SM
MD
LG