Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Вячаслаў Адамчык (1.11.1933 — 5.8.2001)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

На паліцы, што калега Юрый Алеша назваў “залатой” (гэта значыць, той, кнігі зь якой гартаюцца й перачытваюцца), у маёй бібліятэцы стаяць два выданьні Вячаслава Адамчыка: раман “Чужая бацькаўшчына” і томік апавяданьняў “Нязрушаны камень”.

Першая кніга, напісаная, як сьцьвярджаюць сыны пісьменьніка, звычайнай школьнай асадкаю з сталёвым пяром, адкрыла мне некалі ня толькі й ня столькі вобраз заходнебеларускае вёскі, аб чым гаварылася ў падручніках. Яна адкрывала душу беларускага народу, наканаваньнем якога сталася быць жывой і пакутнай мяжой паміж Захадам і Усходам. (Невыпадкова фільм “Чужая бацькаўшчына”, што выйшаў на экраны ў 1982-м, успрыняўся як абяцаньне сапраўды нацыянальнага кінематографу, якое так і засталося няспраўджаным.)

Другая кніга Адамчыка з маёй “залатой паліцы” выйшла ўжо пасьля ягонага сыходу ў Вечнасьць. Апошнія гады мы, па сутнасьці, жылі ў адным двары, і ў дзёньніках ён замілавана апісваў дрэвы, якія я таксама бачыў з сваіх вокнаў, і птушак на іх, што для мяне часта былі проста птушкамі, а ён адрозьніваў кожную па назьве й звычках. Пра многіх людзей ён, наадварот, выказваўся ў дзёньнікавых запісах з успышкамі проста інфэрнальнай нянавісьці, у выніку чаго некаторыя з гэтых Адамчыкавых “герояў” абвясьцілі яго мізантропам.

Калі казаць наагул, то таленавіты мізантроп для мяне пераважыць безьліч чалавекалюбівых пасрэднасьцяў. Аднак я перакананы, што Вячаслаў Адамчык больш за ўсё ненавідзеў тых і таго, хто перакрываў нашым душам неабходнае для жыцьця вольнае беларускае паветра. Памятаю, зь якой роспаччу й болем на адным з паседжаньняў Рады Саюзу пісьменьнікаў ён казаў, што ўжо шмат дзён ня бачыў над цэнтральным сталічным праспэктам аніводнай беларускамоўнай “расьцяжкі”.

Незадоўга да разьвітаньня з гэтым сьветам, які ён, як мала хто іншы, бачыў, здаецца, з усімі фарбамі й адценьнямі — і ў прыродзе, і ў людзкіх стасунках — Адамчык стварыў і апублікаваў выдатныя апавяданьні “Прылёт кажана” (“Леанарда”) і “Ноч на Галавасека”, дзе ад узроўню праўды амаль задыхаесься.

Яго сыны Уладзімер і Міраслаў, больш вядомыя як пісьменьнікі Адам Глёбус і Міраслаў Шайбак, сваім коштам адчынілі ў гонар бацькі на доме № 12 па праспэкце Францішка Скарыны мэмарыяльную дошку. На ёй аўтар “Чужой бацькаўшчыны” падобны ў профіль да Гогаля.

Але ён ня быў нашым Гогалем. Ён стаў нашым Адамчыкам.
XS
SM
MD
LG