Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 6 лістапада


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах Tut.by некаторыя карыстальнікі падтрымліваюць афіцыйную пазыцыю Ватыкану пра тое, што “палітычныя і вайсковыя злачынствы мусяць быць аддадзеныя міжнародным трыбуналам, а не аддадзеныя на суд пераможцаў”. Таксама карыстальнікі цытуюць інфармацыю ад праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя”, дзе мяркуюць, што “неперадузятасьць суду была падарваная палітычным умяшальнем”. Але ёсьць людзі, што цалкам падтрымліваюць прысуд Садаму Хусэйну: “Паказвалі фільм пра злачынствы Садама. І захаваньні адкопвалі, і канцлягер буйным плянам. Правільнае рашэньне судзьдзяў”.

А ў інтэрнэт-суполцы Minsk_by іранізуюць з нагоды інфармацыі пра тое, што сталіца Ірану горад Тэгеран станецца пабрацімам Менску: “І па аналёгіі з плошчай Бангалёр у нас будзе плошча Тэгеран”.

Міжнародная арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” ладзіць суткавую акцыю пратэсту супраць онлайн-цэнзуры. Паводле падлікаў “Рэпартэраў бязь межаў”, цяпер у турмах знаходзіцца больш за 60 чалавек – кібэрдысыдэнтаў, за тое, што выказвалі сваё меркаваньне ў сеціве. Акцыя будзе адбывацца ад 11-00 7 лістапада па 11-00 8 лістапада. У Беларусі пакуль няма крымінальных справаў за выказваньні ў сеціве, але краіна рэгулярна фігуруе ў дакладах “Рэпартэраў бязь межах” сярод тых, дзе цяжкая сытуацыя з свабодай слова.

Аматарам гісторыі можна зазірнуць на пэрсанальную старонку стваральніка Беларускага Народнага Фронту Зянона Пазьняка. На сайце сярод іншага разьмешчаны тэкст выступу Зянона Пазьняка 7 лістапада 1990 на плошчы Леніна, дзе адбыўся інцыдэнт між дэманстрантамі і савецкай на той час міліцыяй. Выступ Зянона Пазьняка заканчваецца словамі: “У нас ёсьць таксама свае сьвяты. Гэта 25 сакавіка — дзень незалежнасьці Беларусі. I мы будзем яго сьвяткаваць таксама, і гэтую плошчу мы пераймянуем у плошчу Незалежнасьці. I гэты праспэкт мы пераймянуем — у праспэкт Францішка Скарыны... I пройдзе няшмат часу — ня будзе ў нас вуліц Кнорынаў, Мясьнікянаў і ўсіх астатніх, якія расстрэльвалі і забівалі наш народ. Тады, калі мы ўсе ўстанем, як адзін, мы гэта зробім. А гэты час ужо пачаўся!”

На сайце беларускіх інтэрнэт-дзёньнікаў “TOLbelarus” распавядаецца пра супольную паэтычную вечарыну Ўладзімера Арлова і расейскага паэта Бахыта Кенжэева. Сустрэча ладзілася на ўік-энд у менскім музэі Максіма Багдановіча і мела дзьвюхмоўную назву “Навстречу/Насустрач”. Аўтар матэрыялу Андрэй Новікаў піша: “Структура трохгадзінных чытаньняў Кенжэева/Арлова імпрэзы была трохчасткаваю: спачатку кожны зь літаратараў меў па працяглым выступе, а захапляльным сынтэзам стала дыскусія, што завязалася пасьля чытаньня вершаў: адначасова гледачы задавалі пытаньні выступоўцам, і літаратарам задавалі пытаньні адно адному, завязваючы проста на вачах сваіх чытачоў новае і, трэба спадзявацца, прыемнае знаёмства”.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 2663952 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG