Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Cваякі праваабаронцы Кацярыны Садоўскай дабіваюцца яе шпіталізацыі


Любоў Лунёва, Менск 23 кастрычніка суд Ленінскага раёну Менску пакараў 60-гадовую жанчыну двума гадамі зьняволеньня за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Ад 25 ліпеня Кацярыну Садоўскую трымалі пад вартай спачатку ў псыхіятрычным шпіталі, а потым у сьледчым ізалятары.

Муж Кацярыны Садоўскай непакоіцца за жончына здароўе. За два месяцы да затрыманьня жанчыне зрабілі анкалягічную апэрацыю. Спадарыня Садоўская адчувае сябе ня вельмі добра. Яна ня мае магчымасьці праверыць стан здароўя, бо ў турэмнай санчастцы няма адпаведных спэцыялістаў і апаратуры.

Нагадаем, 25 ліпеня супрацоўнікі КДБ адвезьлі Кацярыну Садоўскую ў псыхіятрычны шпіталь і не давалі спаткацца са сваякамі. Яна пасьпела кінуць некалькі цыдулак у акно. Сьледчыя запатрабавалі, каб ім перадалі ўсё, што напісала праваабаронца. За гэта яны паабяцалі дазволіць перадачу з харчамі й рэчамі. Празь месяц мэдыкі далі заключэньне, што Кацярына Садоўская псыхічна здаровая і можа адказваць за свае ўчынкі. Са шпіталя жанчыну перавезьлі ў СІЗА.

Судзьдзя Тацяна Жулкоўская пакарала Кацярыну Садоўскую за нібыта пагрозы судзьдзям Кіраўскага суду на Магілёўшчыне, а таксама за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Месяц знаходжаньня ў шпіталі судзьдзя не залічыла ў тэрмін адбываньня пакараньня.

Віктар Садоўскі, які сам інвалід, цяпер адзін даглядае 84-гадовую маці Кацярыны Садоўскай. Ён паведаміў “Свабодзе”:

(Садоўскі: ) “Яна напісала скаргу й даслала мне, каб я заплаціў мыта й накіраваў яе ў суд, але яе выцягнулі з капэрты. У самыя апошнія дні давялося пісаць новую… Там плаціць менш за 50 тысяч. Яна ўпэўненая, што яе адпусьцяць. Дык, што ж тут, упэўненая, калі на ўсю катушку далі. Яна раней сустракалася з гэтай пракуроркай Талаш і паскандаліла: маўляў, твой прадзед быў Дзед Талаш, народ абараняў, а вы, наадварот — іх душыце”.

Віктар Садоўскі распавёў, што ягоная жонка і ў турме не пакідае сваёй грамадзкай працы. Яна напісала, што 9 лістапада пачнецца суд над жанчынай, якую абвінавачваюць у крадзяжы 100 тысяч даляраў. Спадарыня Садоўская прасіла мужа перадаць гэта праваабаронцам, каб яны прасачылі за справай.

(Садоўскі: ) “Яна й там неяк вылучаецца. Я ёй кажу: “Ты рабі свае справы”. А яна ж маці-гераіня. Калі яе накіруюць у калёнію, то ў Гомелі ёй могуць даць другую групу інваліднасьці. Там шпіталь ёсьць. Тут таксама намагаемся пакласьці яе ў шпіталь — і адвакат, і сама. Што там будзе, пакуль яшчэ лістоў не было”.

Да Кацярыны Садоўскай на спатканьні ходзіць яе сын Юры. Пакуль прыйдуць адказы зь Менскага гарадзкога суду і з пракуратуры, праваабаронца будзе знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.

Адбываць пакараньне Кацярына Садоўская будзе ў гомельскай жаночай калёніі. Яна запэўніла сваякоў, што будзе падаваць апэляцыі да таго часу, пакуль ня дойдзе да ААН.
XS
SM
MD
LG