Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычныя кандыдаты вылучаюцца пераважна праз збор подпісаў


Уладзімер Глод, Менск Апазыцыйныя партыі пакуль не вылучаюць сяброў кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў. На гэтую працэдуру выбарчае заканадаўства адводзіць месяц — ад 5 лістапада. Але прычына ня толькі ў гэтым. Патэнцыйныя кандыдаты спадзяюцца больш не на партыйнае вылучэньне, а на збор подпісаў.

Нядаўняе рашэньне лідэраў апазыцыі пра тое, што ўдзельнікам новага Кангрэсу дэмакратычных сілаў аўтаматычна становіцца той прэтэндэнт на дэпутацкі мандат, які зьбярэ 300 галасоў патэнцыйных выбарнікаў, прымусіла кандыдатаў зьмяніць тактыку. Тыя, хто раней спадзяваліся ісьці ў дэпутаты толькі ад партыйных структураў, разумеюць, што цяпер лепш спалучыць збор подпісаў — у дэпутаты й на кангрэс. Тым больш, што дэпутацкі парог удвая меншы — 150 галасоў.

Кіраўнік менскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Шынкарык гаворыць, што партыйнае вылучэньне будзе пераважна ў тых выпадках, калі нешта не атрымаецца праз збор подпісаў.

(Шынкарык: ) “Сытуацыя розная. Вось учорашні прыклад. Старшыня нашай партыі Анатоль Лябедзька, які вылучаецца кандыдатам у дэпутаты сталічнага гарсавету, цяпер у Кіеве. А я – кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы. Мы падрыхтавалі ўсе неабходныя паперы, і я панёс іх у выбарчую камісію, каб зарэгістраваць ініцыятыўную групу, пасьля чаго можна зьбіраць подпісы ў падтрымку кандыдата.

Раней, прыкладам, падчас парлямэнцкіх выбараў 2004 году дакумэнты ў кіраўніка ініцыятыўнай групы прымалі. А гэтым разам адмовілі: кажуць, возьмем толькі пры ўмове, што сьпіс прынясе сам Лябедзька са сваім пашпартам. Ён заўтра вяртаецца з Кіева. Але ж камісіі заўтра не працуюць. А Лябедзька адразу зноў зьедзе ў іншым кірунку. Таму мы яго, мусіць, будзем вылучаць праз партыю”.

Кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай Леанід Майструк гаворыць, што на 60 дэпутацкіх месцаў у абласным савеце партыя падрыхтавала дзясятак прэтэндэнтаў. Тактыку берасьцейцы абралі такую: спачатку балятавацца праз збор подпісаў, але не забывацца й пра партыйнае вылучэньне. Леанід Майструк апошняе тлумачыць так:

(Майструк: ) “Спачатку — што мы выйграем? Праз збор подпісаў праводзім агітацыю. Будзем зьбіраць, хто трыста, хто пяцьсот подпісаў — карацей, хто колькі зможа. А потым будзем вылучаць і ад партыі. Нам важна нагадаць пра партыю. У тэрытарыяльныя ды акруговыя камісіі нашых прадстаўнікоў не ўключылі. Мабыць, такое будзе і з участковымі камісіямі, паколькі ўлады ня хочуць, каб дзесьці згадвалася Партыя камуністаў Беларуская. Збор подпісаў — гэта добра. Але патрэбна, каб людзі бачылі, што і ад партыі вылучэньне адбываецца”.
XS
SM
MD
LG