Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыя міжнароднай супольнасьці на прысуд Садаму Хусэйну


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Міжнародная рэакцыя на судовае рашэньне аб сьмяротным пакараньні Садама Хусэйна аказалася рознай. Ірацкі ўрад і краіны, чые войскі знаходзяцца ў Іраку, вітаюць вырак былому дыктатару. У той жа час эўрапейскія дзяржавы і праваабарончыя арганізацыі заклікаюць Багдад не выконваць прысуд.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш назваў вырак Садаму вехай у ірацкай гісторыі, у імкненьні ірацкага народу перайсьці ад тыраніі да вяршэнства закону.

(Буш: ) “Ірак яшчэ павінен шмат зрабіць, каб пабудаваць грамадзтва, дзе пануе закон і дзе абароненыя ўсе грамадзяне, але ў гісторыі цяперашні вэрдыкт застанецца як важнае дасягненьне на шляху да свабоднага і адзінага грамадзтва”.

Прэм’ер-міністар Іраку Нуры аль-Малікі назваў прысуд Хусэйну прысудам ягонаму рэжыму.

(Аль-Малікі: ) “Вырак кіраўніку былога рэжыму – гэта ня толькі вырак канкрэтнай асобе, а вырак усёй змрочнай эры, беспрэцэдэнтнай у гісторыі Іраку. Судовая ўлада правяла празрыста і справядліва крымінальны працэс над уладаром, які зьдзейсьніў найцяжэйшыя злачынствы супраць людзей”.

Прысуд віталі Вялікая Брытанія і Аўстралія. На думку прэм’ер-міністра Аўстраліі Джона Говарда, гэты прысуд засьведчыў імкненьне іракцаў да дэмакратыі.

Эўрапейскія ж краіны заклікаюць улады Іраку адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня Садама Хусэйна. Фінляндыя, якая старшынюе ў Эўразьвязе, зрабіла адмысловую заяву, у якой падкрэсьліла, што Эўрапейскі Зьвяз выступае супраць найвышэйшай меры пакараньня ва ўсіх выпадках і пры ўсіх абставінах. Такую ж пазыцыю занялі міжнародныя праваабарончыя арганізацыі “Amnesty International” і “Human Rights Watch”. Яны адзначаюць, што працэс ня быў бездакорным, што абарону Хусэйна ўскладнілі забойствы трох ягоных адвакатаў. Вярхоўны камісар ААН у правох чалавека Луіза Арбур заклікала ірацкае правасудзьдзе з павагай паставіцца да права асуджанага на апэляцыю.

Пакуль не вядома, на які тэрмін будзе адкладзенае выкананьне прысуду пасьля падачы адвакатамі апэляцыі.

Няма адзінства адносна прысуду і сярод іракцаў. Калі рашэньне суду сьвяткуюць курды і шыіты, дык яно ж выклікае пратэсты ў некаторых суніцкіх рэгіёнах.
XS
SM
MD
LG