Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варшава: пікетоўцы патрабуюць ціску АБСЭ на беларускія ўлады (фота)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве, каля будынку прадстаўніцтва АБСЭ прайшоў пікет, удзельнікі якога патрабавалі ад міжнароднай супольнасьці націснуць на беларускія ўлады ў справе вызваленьня палітычных вязьняў і спыненьня перасьледу недзяржаўных арганізацыяў, у тым ліку Саюзу палякаў Беларусі.

Нягледзячы на моцны дождж, каля дзясятка беларусаў, што жывуць у Варшаве, прыйшлі да будынку прадстаўніцтва АБСЭ, што ў цэнтры гораду, побач з амбасадамі вядучых краінаў сьвету зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і плякатамі “Свабоду палітвязьням”, “Свабоду Аляксандру Казуліну”, “Дыктатара ў турму”.

Удзельнікі пікету перадалі ў канцылярыю прадстаўніцтва АБСЭ зварот, у якім расказваецца пра сытуацыю палітычных вязьняў у Беларусі і ўтрымліваецца заклік паўплываць на беларускія ўлады, каб тыя неадкладна вызвалілі ўсіх асуджаных паводле палітычных матываў.

(Крыштон: ) “Былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Аляксандр Казулін дагэтуль трымае галадоўку. Мы хочам яшчэ раз зьвярнуць увагу міжнароднай супольнасьці на гэты факт. Таксама патрабуем, каб у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі былі зробленыя адпаведныя крокі, каб вызваліць усіх палітвязьняў”,

– сказаў нашаму радыё адзін з арганізатараў пікету Ігар Крыштон.

Аналягічны зварот быў перададзены таксама ў канцылярыю дуаена дыпляматычнага корпусу ў Польшчы, апостальскага нунцыя арцыбіскупа Юзэфа Кавальчыка.









XS
SM
MD
LG