Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка ў Іране (абноўлены)


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня Аляксандар Лукашэнка на чале вялікай дэлегацыі знаходзіцца з афіцыйным візытам у Тэгеране. Ён правёў перамовы з прэзыдэнтам Ірану Махмудам Ахмадзінэжадам. Заплянаваная сустрэча з духоўным лідэрам краіны аяталой Алі Хамэнэі. Кіраўнікі Беларусі й Ірану заявілі пра блізкія пазыцыі ў рэгіянальных і міжнародных пытаньнях і выказалі намер актывізаваць супрацоўніцтва.

Махмуд Ахмадзінэжад назваў Іран і Беларусь “сяброўскімі краінамі”. Ён зазначыў, што ня бачыць ніякіх абмежаваньняў да супрацоўніцтва зь Беларусьсю, якое Іран мае намер ажыцьцяўляць “ва ўсіх сфэрах”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Катляроў, які два гады таму пабываў зь візытам у Іране, гэтак ацаніў будучыню дачыненьняў Менску і Тэгерану:

(Катляроў: ) “Думаю, што гэта будуць вельмі пэрспэктыўныя дачыненьні. Беларусь зьяўляецца адным зь лідэраў так званага трэцяга сьвету. Трэці сьвет прыслухоўваецца да Рэспублікі Беларусь у палітычных адносінах. Таму ў гэтай палітычнай сытуацыі я ўпэўнены, што будуць падпісаныя вельмі цікавыя пагадненьні. Я перакананы, што Беларусь і Іран будуць доўга сябраваць і дапамагаць адно аднаму”.

Такой жа думкі спадар Катляроў і пра эканамічныя кантакты. Асабліва ён адзначае інтарэс да энэргетычных рэсурсаў Ірану. Паводле афіцыйнай інфармацыі, сёньня ў Тэгеране абмяркоўваліся праекты супрацоўніцтва ў энэргетычнай сфэры. Аляксандар Лукашэнка па выніках перамоваў з прэзыдэнтам Ірану заявіў, што лідэры дзьвюх краінаў дамовіліся ўзьняць двухбаковы таваразварот да 1 мільярда даляраў, пры тым што ў 2005 годзе гэтая лічба складала 38 мільёнаў. Гэта маларэальна, лічыць менскі эканаміст Леанід Злотнікаў, таксама як закупка Беларусьсю іранскай нафты:

(Злотнікаў: ) “І Ірану, і Беларусі патрэбныя заходнія тэхналёгіі. Тая тэхніка, якая ёсьць у Беларусі і ў Іране, амаль што на адным узроўні. Іран — гэта краіна, тэхналягічна адсталая ад Захаду, як і Беларусь”.

Спадар Злотнікаў перакананы, што кантакты з Іранам маюць палітычную падкладку і асаблівага эканамічнага плёну не дадуць.

Такой жа думкі менскі палітоляг Аляксей Кароль. Ён мяркуе, што гэтым візытам спадар Лукашэнка хоча паказаць, нібы не знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі, але пры гэтым ён абірае для сяброўства аўтарытарныя рэжымы:

(Кароль: ) “Гэтае супрацоўніцтва насуперак агульнай міжнароднай палітыцы адносна Ірану, асабліва ў сфэры авалодваньня і выкарыстаньня ім ядзернай зброі”.

Спадар Кароль нагадвае, што афіцыйны Менск некалькі разоў выказваўся ў падтрымку ядзерных праграмаў Ірану, асуджаных дэмакратычнымі краінамі сьвету. Ірану патрэбная такая падтрымка, кажа спадар Кароль.

(Кароль: ) “Ім таксама важна мець нейкія пункты апоры ў сваёй палітыцы па разьвіцьці ядзерных праграмаў”.

Аляксандар Лукашэнка падтрымаў намер Ірану інвэставаць у Беларусь. Прыклад такога супрацоўніцтва — зборка іранскіх легкавых машын “Саманд” у Беларусі. Як паведаміў памочнік беларускага кіраўніка Валянцін Рыбакоў, са жніўня да кастрычніка гэтага году ў Беларусь паступіла 48 камплектаў для зборкі “Саманду”.
XS
SM
MD
LG