Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе беларускіх авіяпасажыраў чакаюць новыя правілы


Ігар Карней, Менск 6 лістапада ў краінах Эўразьвязу, а таксама ў Нарвэгіі, Швайцарыі й Ісьляндыі пачалі дзейнічаць новыя патрабаваньні да бясьпекі на борце авіялайнэраў. Цяпер у салён можна браць ёмістасьці, аб’ёмам ня больш за 100 мілілітраў — разам ня болей за літар на чалавека. Патрабаваньне тычыцца алькагольных напояў, парфумы, геляў ды іншай прадукцыі. Мэдыкамэнты й дзіцячае харчаваньне дазволеныя, як пазначана ў інструкцыі, “у разумных межах”. Як новыя правілы паўплываюць на пасажыраў, што выпраўляюцца ў палёт зь Беларусі?

У памежным і ў мытным упраўленьнях лётнішча “Менск-2” паведамілі, што ніякіх істотных карэктываў новыя правілы авіяпералётаў у іхную працу ня ўнесьлі. Маўляў, інструкцыі тычацца пасажыраў, якія ляцяць у Эўразьвяз, таму іхнае выкананьне будуць адсочваць адпаведныя службы зацікаўленых краінаў.

У ранейшым рэжыме працуюць крамы беспадатковага гандлю “Д’юці фры” менскага лётнішча. Як паведамілі ў аэрапорце “Мінск-2”, у пэрспэктыве адзіным заўважным крокам можа быць рашэньне запакоўваць у плястыкавыя пакеты набытыя ў “Д’юці фры” вадкасьці. Прынамсі, у Эўразьвязе такі тавар у абавязковым парадку будуць “плямбаваць”, адкрываць такія пакункі забараняецца цягам усяго палёту. Аднак ніякіх афіцыйных інструкцыяў на гэты конт беларускі бок пакуль ня мае.

Як сказалі ў прадстаўніцтве польскай авіякампаніі “LOT”, афіцыйнага дакумэнту зь пералікам інструкцыяў чакаюць і авіяперавозчыкі, якія працуюць у Беларусі. А інфармацыю пра нібыта больш жорсткія захады да продажу й перавозу алькаголю не пацьвярджаюць.

(Прадстаўнік “LOT”: ) “Чуткі — гэта рэч такая, што ў дадзеным выпадку больш да месца казаць пра плёткі. Будзе пералік забаронаў, дазволаў — вось тады ўжо можна будзе грунтоўна пра нешта гаварыць. Пакуль што самі чакаем. Нас жа гэта непасрэдна тычыцца”.

Сёньня ўлады Вялікай Брытаніі заявілі, што зробяць больш лібэральнымі патрабаваньні да ручной паклажы пасажыраў: можна браць на борт вадкасьці, пасты, крэмы й гелі ў ёмістасьцях ня болей за 100 мілілітраў, але пры ўмове, што бутэлечкі будуць запакаваныя ў празрыстыя пакеты

Нагадаем, што менавіта пасьля спробаў тэрактаў 10 жніўня Брытанія першая ўвяла жорсткія патрабаваньні да ручной паклажы. Паводле спэцслужбаў, тэрарысты плянавалі ўзарваць самалёты з дапамогай прыстасаваньняў, вырабленых з пранесеных на борт вадкасьцяў. Як падлічылі пазьней авіяперавозчыкі, з-за ўзмацненьня кантролю кампаніі згубілі мільёны — бо затрымліваліся рэйсы й даводзілася плаціць за вяртаньне “падазронага” багажу.
XS
SM
MD
LG