Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Суд зрабіў вельмі слушна, калі вырак Хусэйна да сьмяротнага пакараньня”


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за панядзелак 6 лістапада. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон “Свабоды” 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў ў Беларусі і сьвеце. Тэлефон Свабоды – гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам таксама можна дасылацьСМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 8-029-391-22-24.

(Павал Давыдзенка, інвалід аварыі на ЧАЭС: ) “Я хачу зьвярнуцца да Лукашэнкі. На якой падставе ён інваліду Чарнобыля не дадаў ні капейкі?! 11% зьняў, адабраў! Чаму ён дыктуе свае законы, наводзіць жах і цемру на людзей?! Чаму ён тады кажа, што ніхто ў яго не забыты?! Чаму ён тады адбірае ў жывых дзеля мёртвых?! Вось такі яго клопат!”

(Мікалай: ) “Вось і адзначылі мы сьвяты: Дзяды і Дня ўсіх сьвятых, можна скаціну выпускаць пустапасам, каб пагуляла, бо ўжо пачынаюцца замаразкі і часам ідзе сьнег. Але жыхары мястэчка, гаражане , з кошыкамі ідуць на паншчыну 21 стагодзьдзя – у калгасы – капаць бульбу і буракі. Жахліва назіраць, як гіне вёска ў калгасным рабстве. Загінуў рабаўладальніцкі Рым, павінна загінуць і наша калгаснае рабства. Але ў пакутах народзіцца новая Беларусь, якая будзе жыць”.

(Спадар, Пухавіцкі р-н: ) “Радыё Свабода – гэта адзіная крыніца незалежнай інфармацыі. Дзякуй Вам. Прашу Вас толькі дадаць перадачы, прысьвечаныя аналізу і прагнозам эканамічнай сытуацыі ў Беларусі, “эканамічнага цуда” і яго мэханізмаў. Беларусы – народ прагматычны, і толькі стан эканомікі будзе ўплываць на вэктар грамадзкай думкі”.

(Спадарыня: ) “Мяне вельмі ўразіў пэнсіянэр, які цьвердзіць, што жыцьцё з кожным годам робіцца лепш. Ён назваў “спэктаклем” пратэст маладых людзей каля будынку суда, улада беларуская яму вельмі падабаецца. “Нічога, – кажа, у Вас не атрымаецца”. Відаць, яго родзічы ды і ён сам працуюць каля Лукашэнкі, плацяць ім прыстойную суму за такія званкі. Іначай, адкуль бярэцца такая дзіўная ўпэўненасьць у тым, што ў Вас нічога не атрымаецца. Да выбараў яшчэ месяцы, а ён ужо ведае, у каго ўсё атрымаецца, а ў каго нічога. Здаецца, гэты пэнсіянэр прымае ўдзел у нейкіх афэрах, зьвязаных з выбарамі. Тым самым з кожным годам паляпшаючы жыцьцё сабе і такім, як ён”.

(Спадарыня: ) “Наконт Садама Хусэйна. Доўга разьбіраўся суд у яго злачынствах і не знайшоў ім ніякага апраўданьня. І рашэньне суду я лічу справядлівым. У адносінах да выраку, лічу, дастаткова было б і пажыцьцёвага зьняволеньня. Пакараньне праз павешаньне ды яшчэ, магчыма, публічнае, можа вызваць вельмі жорсткую рэакцыю насельніцтва Іраку, тых, хто яго падтрымліваў”.

(Анатоль Сахаруша, м.Малеч, Бярозаўскі р-н, Берасьцейшчына: ) “Праз колькі год уключыў “Панараму”, інтэрвію бравага камандзіра брыгады хуткага рэагаваньня Паўлічэнкі Першаму Беларускаму тэлеканалу. Што ж ты бравы камандзір ні разу нават не падняў вачэй? Не паглядзеў у тэлекамэру? Што, сорамна глядзець краіне ў вочы? І другое. На радзіме народнага пісьменьніка Івана Шамякіна ўсталявалі ягоны бюст. А чаму ж да гэтага часу не ўсталяваны бюст на радзіме народнага пісьменьніка Васіля Быкава?”

(Спадарыня:) “Таму, што робіцца з выбарамі ў Беларусі немагчыма даць азначэньне. Уладзе выгадныя кандыдаты ў дэпутаты ад апазыцыі. Ну, як бы кандыдаты толькі. Ну як бы дэмакрата ў маразы заманіць на выбарчыя ўчасткі. Навошта апазыцыі пэцкацца ў гэты бруд? Якая мэта? Тое, што дойдуць да электарату? Вельмі сумнеўна пры магчымасьцях улады. І наогул, у Беларусі большасьць людзей ужо вызначыліся. Рэзкі раскол. Раскол, хоць зьнешне як бы маўчаньне. Калі выбухне – пытаньне часу. Другая справа, што тым, каму неабыякава радзіма, у каго ня згасла сумленьне, а такіх большасьць, цяпер вельмі цяжка жыць, дыхаць брудам, жыць у ім. Дзякуй Радыё Свабода. Беларусь як прыгожая безаабаронная жанчына перад гвалтаўнікамі. Ну хто яе абароніць?! Лябедзька зь яго бясконцымі размовамі пра гарызантальныя і вэртыкальныя структуры ў кіраўніцтвах карлікавых партыяў? А ўчора адзін грамадзянін так зьдзекліва і нават цынічна гаварыў пра суд над Зьміцерам Дашкевічам. Ну вельмі-вельмі баяцца за сваю вялікую пэнсію гэтыя грамадзяне Беларусі...”

(Васіль Цюхай, Бярэзіна: ) “У сувязі з масавым атручэньнем сурагатным алькаголем я магу распавесьці, як вырашаюць гэтую праблему ў іншых краінах. Наколькі я ведаю, у некаторых краінах Эўразьвязу, здаецца, у Чэхіі, ці недзе ў тым рэгіёне, самагонаварэньне легалізаванае, праводзяцца фэстывалі самагонкі, дэгустацыі. Лепшыя гатункі атрымліваюць ганаровыя граматы і прызы. У нас, як вядома, усё, што не дазволена, забаронена. А ўсё, што забаронена, квітнее, набывае агідны зьмест. Заўсёды, калі робіцца нешта супрацьзаконнае, гэта стварае нейкую датычнасьць да ўлады. Адпаведна, самагоншчык дбае не пра якасьць сваёй прадукцыі, а пра выгаду, не адказвае за наступствы, ўвогуле, звысоку глядзіць на сваю кліентуру. Дасьведчаныя людзі распавядалі мне, што ў самагонку, калі яна перастае гарэць, дадаюць сэлітру і розныя іншыя хімікаты, каб падвысіць “градуснасьць”. Як вынік, людзі труцяцца і паміраюць. Таксама ў працоўных калектывах, калі большасьць п’е, дык меншасьць таксама вымушаная піць разам з усімі, таму што зло выклікае зло. “Гора таму, хто падае бліжняму свайму моцны напой з дадаткам зла”, – кажа Біблія. Усё часьцей дзеці нараджаюцца разумова адсталымі. Дыяген, старажытны філёзаф, калі ўбачыў адсталае дзіця, сказаў: “Ягоны бацька быў п’яны, калі яго маці зачала яго”. Нацыя сьпіваецца. І прычына гэтага – дзяржава”.

(Спадар: ) “...вось Вы заклікаеце, каб Вам пісалі, слухалі…А вось што слухаць? Як ні ўключыш, адное і тое: Казулін-Борыс, Борыс-Казулін… І больш нічога . І часам ад гэтага ванітуе…Таму слухаць тут няма чаго. Гэта першае. Другое... Дзе гэтыя пісьменьнікі нашыя? У чым справа? Таму што кінуліся ў палітыку ці крыўды нейкія…Працаваць трэба, пісаць. Ніхто зь іх не выйшаў на высокі ўзровень. Вось гэтага шкада. А там жа такія выдатныя пісьменьнікі: і Барадулін, і гэтак далей…Што ж яны ня пішуць? Толькі крыху там пра вёсачку, траўку і ўсё. А дзе цікавая грамадзянская пазыцыя, барацьба народа за тое, за гэта, пераадоленьне цяжкасьцей у жыцьці, у працы?.. Вось дзе бяда, аб’ектыўна кажучы”.

(Спадар: ) “Я лічу, што гэтага Хусэйна, сябра Лукашэнкі, трэба было ўжо даўно павесіць. Ён гэта заслужыў. І мала таго, што яго павесяць. Колькі ён народу свайго вынішчыў! Але я лічу, што нашага дыктатара Лукашэнку таксама чакае такі лёс”.

(Спадар, Менск: ) “Гайдукевіч супрацоўнічаў з рэжымам Садама Хусэйна яшчэ ў савецкія часы і неаднаразова езьдзіў у Ірак. Яго трэба прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці, і ён павінен быць асуджаны міжнародным трыбуналам за супрацоўніцтва з адыёзным рэжымам Садама Хусэйна”.

(Анастас Семяновіч: ) “Я лічу, што суд зрабіў вельмі слушна, калі вырак Садама Хусэйна да сьмяротнага пакараньня праз павешаньне. Даўно час такое рабіць з дыктатарамі любой масьці. Тое, што знайшлі некаторыя людзі, каб абараніць, гэта звычайная зьява. Калі б судзілі нашых бальшавікоў, якія сотні тысяч ні ў чым не вінаватых людзей вынішчалі, яны гавораць, вінаваты людажэр Сталін, а ўсе астатнія – віньцікі. Не, бальшавікі. Гэта ня так. Кожны чалавек, калі ён чалавек, то павінен адказваць за свае ўчынкі. І ня трэба ніякіх Курапатаў. Сьляды трэба хаваць далей ад сумленных людзей. Я ўпэўнены, прыйдзе час, іх будуць судзіць. Праўда, у асноўным, яны будуць на тым сьвеце. Але людзі і іх дзеці павінны ведаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG