Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Новае радыё” яшчэ больш “абнавілася”


Ігар Карней, Менск Пасьля месяцовага маўчаньня сёньня ўвечары адновіць трансьляцыі “Новае радыё”, заснавальнікам якога зьяўляецца Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ). Напачатку кастрычніка гэтая радыёстанцыя прычынілася да беспрэцэдэнтнай для беларускіх СМІ падзеі: спыніўшы музычную праграму, два супрацоўнікі ў простым эфіры зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі, каб той выратаваў іх ад самаўпраўства кіраўніцтва ФПБ. Падставай да радыкальнага кроку стала рашэньне заснавальніка звольніць генэральнага дырэктара “Новага радыё” Віктара Грышанава.

Калі перамовы бакоў ні да чаго не прывялі, страйкоўцаў, а таксама тых, хто іх падтрымаў, звольнілі. Ад 9 кастрычніка радыё ўвогуле змоўкла, перастала абнаўляцца інтэрнэт-старонка. На распараджэньне старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Леаніда Козіка месяц адказныя за ўрэгуляваньне канфлікту чыноўнікі шукалі замену калектыву. У той жа час на электронныя пошты шэрагу СМІ трапіў ліст за подпісам звольненых супрацоўнікаў радыё, якія называлі ініцыятараў “зачысткі” у калектыве. Найчасьцей узгадвалася прозьвішча Ірыны Каганец, якая ў Фэдэрацыі прафсаюзаў адказвае за сувязь з грамадзкасьцю і курыруе дзейнасьць заснаваных арганізацыяй СМІ. Сама спадарыня Каганец называе абвінавачаньні надуманымі і гатовая плённа працаваць з новым складам рэдакцыі. Пры гэтым магчымасьць вяртаньня на пасаду генэральнага дырэктара Віктара Грышанава выключае.

(Каганец: ) “Грышанаў? Не, не Грышанаў. Прызначаны новы дырэктар”.

(Карэспандэнт: ) “Не падкажаце – хто?”.

(Каганец: ) “Луцкі Ігар Уладзімеравіч. Раней на “Новым радыё” ён не працаваў. Вось пачне працаваць, вы зь ім зьвяжыцеся, і калі ён захоча, то з вамі паразмаўляе. А так радыёстанцыя працуе, калектыў у поўным парадку. Слухайе нас у эфіры”.

У Міністэрстве інфармацыі, рашэньнем якога праца “Новага радыё” была прыпыненая ад 9 кастрычніка, кажуць, што “разграбаць” канфлікт не зьбіраюцца; усе спрэчныя моманты мусяць вырашыць зацікаўленыя бакі. А тое, што цягам месяца на частаце 98,4 была цішыня, у ведамстве ніякіх праблемаў ня бачаць. Гаворыць дарадца міністра інфармацыі Віктар Казлоў.

(Казлоў: ) “Прыватная радыёстанцыя, што хочуць, тое і робяць. Мы ў прынцыпе за гэта не нясем ніякай адказнасьці. Мы можам адзінае што, дык альбо выпісаць ліцэнзію, альбо скасаваць яе. Ці прыпыніць яе дзеяньне ў шэрагу выпадкаў. А так – прыватная радыёстанцыя, няхай разьбіраюцца самі: хто ў іх гаспадар, хто там выступае, як далей існаваць”.

Ідэя заснаваньня “Новага радыё” сыходзіла ад кіраўніка ФПБ Леаніда Козіка. Ён жа колісь ухваліў на пасаду гендырэктара бізнэсоўца Віктара Грышанава, які на хвалях радыё актыўна “раскручваў” сваю жонку, сьпявачку Алену Грышанаву. Частцы калектыву такое сваяцтва не спадабалася, і ананімы накіравалі пісьмовую скаргу заснавальніку. Старшыня ФПБ Леанід Козік неўзабаве прыняў рашэньне звольніць ранейшага пратэжэ, супраць чаго, у сваю чаргу, паўсталі аднадумцы Грышанава. Тых, хто падтрымаў дырэктара, ад працы адхілілі. І тады ў простым эфіры пачуўся заклік да “гаранта законнасьці і Канстытуцыі”, каб прэзыдэнт ахаваў калектыў “ад самаўпраўства заснавальніка”.

У штаце “Новага радыё” не было “знакавых” асобаў, страта якіх для FM-прасторы была б адчувальнай. Дый сама радыёстанцыя за два гады існаваньня адзначылася хіба тым, што ў студзені 2005-га першай атрымала папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі за невыкананьне 75-працэнтнай квоты на беларускіх артыстаў у эфіры. У інфармацыйнай палітыцы станцыі аддавалася перавага навінам з жыцьця праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў, а ў музычных прыярытэтах пераважала расейская поп-музыка. Напярэдадні Ірына Каганец заявіла, што радыёстанцыя ранейшы фармат мяняць не зьбіраецца.
XS
SM
MD
LG