Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалося вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў


Радыё Свабода У нядзелю, 5 лістапада, адначасова пачаліся два чарговыя этапы выбарчай кампаніі: вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты й перадача ў выбарчыя камісіі сьпісаў ініцыятыўных групаў. На першае мерапрыемства адводзіцца роўна месяц, на другое – пяць дзён.

Некаторыя патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты, прыкладам, у Наваполацку, Ваўкавыску, Жлобіне, спрабавалі перадаць у выбарчыя камісіі сьпісы сваіх ініцыятыўных групаў яшчэ ў пятніцу, 3-га лістапада. Сьпяшаліся яны таму, што наперадзе шмат выходных ды сьвяточных дзён. А ня кожны хоча адкладаць справу на апошні момант.

Дакумэнты ў тых, хто пасьпяшаўся, не ўзялі. Як патлумачылі ў Цэнтрвыбаркаме, сьпісы ініцыятыўных групаў дазволена афіцыйна рэгістраваць не раней, чым пачнецца вылучэньне прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты, гэта значыць – зь 5-га лістапада. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік тлумачыць, чаму дата прыпадае менавіта на нядзелю.

(Лазавік: ) "Вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты ідзе незалежна ад графіка працоўных і выходных дзён. Можа, так нават і выгодней палітычным партыям, якія ў выходныя дні змогуць правесьці пасяджэньні сваіх кіруючых органаў і правесьці работу па вылучэньню кандыдатаў у дэпутаты. Выбарчыя камісіі, як і іншыя працоўныя калектывы, 6-га і 7-га працаваць ня будуць. Як правіла, неабходныя дакумэнты звычайна падаюць у апошні дзень. І таму ў выходныя дні, напэўна, няма неабходнасьці арганізоўваць дзяжурствы”.

Тое, што рэгістрацыя ініцыятыўных групаў з-за сьвятаў скарачаецца з пяці прадугледжаных законам дзён амаль напалову, не асабліва хвалюе Ўладзімера Нісьцюка зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Ён зьбіраецца балятавацца ў дэпутаты Менскага гарадзкога савету.

(Нісьцюк: ) "У мяне ўжо ёсьць сьпіс, ёсьць заява. Засталося толькі паставіць подпіс ды дату. Пытаньне ў тым, што ўсе гэтыя тэрміны, якія, можа, і наўмысна падганяліся пад сьвяточныя дні, не ўплываюць на тых, хто рыхтуецца да выбараў сур’ёзна ды загадзя. Той, хто зьбіраецца на выбары, ужо падабраў сабе групу, ён ведае сваіх будучых актывістаў, давераных асобаў. Ён ведае болевыя кропкі на целе сваёй выбарчай акругі. Карацей, ён ведае, што яму рабіць з самага першага дня, як толькі атрымае пасьведчаньне аб рэгістрацыі".

Аднак, шмат хто з патэнцыйных прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты, асабліва з навічкоў у выбарах, хвалююцца: маўляў, пажадана мець крыху больш часу, бо, можа, прыйдзецца яшчэ выпраўляць нейкія памылкі.
XS
SM
MD
LG