Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя эўрапейскія правілы авіяпералётаў закрануць і беларусаў


Радыё Свабода Сёньня ў аэрапорце “Мінск-2” пачынаюць дзейнічаць забароны й абмежаваньні правозу багажу на рэйсах у краіны Эўразьвязу. Перадусім нельга набываць у дарогу алькаголь больш за сто мілілітраў і парфуму. Таксама паводле новых правілаў Эўракамісіі, усе вадкасьці для перавозу мусяць быць упакаваныя ў празрыстыя пакеты перад пасадкай у самалёт. Як будуць дзейнічаць гэтыя зьмены ў Беларусі і ці ўскладняць абмежаваньні працу крамаў duti-free?

У адміністрацыі “Белавія” канстатуюць, што ўжо дзевяць гадоў нацыянальная авіякампанія зьяўляецца ўдзельнікам Міжнароднай асацыяцыі грамадзянскай авіяцыі і падпарадкуецца ўзятым абавязацельствам. Са словаў памочніка старшыні кампаніі Ігара Чаргінца, інфармацыя пра новыя правілы Эўракамісіі дадаецца да квітка, набытага як у аэрапорце, так і ў турыстычных агенцтвах. Пра працу крамаў duti-free ў новых умовах суразмоўца адзначае наступнае:

(Чаргінец: ) “Асартымэнт у крамах duti-free – гэта алькагольная, тытунёвая прадукцыя, парфума. Мажліва, што яны проста зьменяць асартымэнт. Можа радыётэхніка зьявіцца. Тыя, хто жадаюць выжыць, мусяць працаваць галавой”.

Са словаў Ігара Чаргінца, цяпер у будынках “Белавія”толькі адна крама duti-free, што дзейнічае ў аэрапорце “Менск-2”. Удалося высьветліць: адміністрацыя гэтай камэрцыйнай сеткі Беларусі знаходзіцца ў Берасьці. Кіруе гандлем Галіна Колаб:

(Колаб:) “Ніякай інфармацыі ў мяне, на жаль, няма наконт абмежаваньняў правозу сьпіртовых напояў. Таму вы мяне зьдзівілі. У нас ёсьць мытны камітэт, які абмяжоўвае ці забараняе вываз. Як я магу камэнтаваць, што “Белавія” напісала нейкую плётку, нібыта будзе абмежаваны вываз сьпіртнога?”

(Карэспандэнт: ) “Ці сапраўды сьпіртовыя напоі складаюць пераважную долю ў аб’ёме продажу вашых крамаў?”.

(Колаб: ) “Так, адну з найвялікшых.”

(Карэспандэнт: ) “Калі нельга будзе купіць пасажыру, то?..”

(Колаб: ) “Купяць нешта іншае” (сьмяецца)

Камэнтуе сытуацыю эканаміст Яраслаў Раманчук. Ён даводзіць, што новыя правілы Эўракамісіі не падкосяць гандаль duti-free ў Беларусі:

(Раманчук: ) “Была справаздача Камітэту дзяржкантролю, што вельмі буйныя памеры гандлю ў гэтых крамах. Калі б, да прыкладу, кожны беларус, хто выяжджаў за мяжу, купляў там, то кожны меў бы пры сабе 10 літраў алькаголю. Безумоўна, што гэта ня можа быць так. Значыць, гэты алькаголь патрапляў на рынак у Беларусі. Калі ёсьць розьніца ў коштах, а ў дадзеным выпадку ёсьць, бо там не плаціцца мыта, тады на гэтую маржу клююць людзі, якія стаяць за гэтымі крамамі”.
XS
SM
MD
LG