Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзія Савік


Лідзія Савік, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя нататкі мінулага тыдня слухачам Свабоды падае Лідзія Савік – літаратуразнаўца, крытык, якая вяртае спадчыну рэпрэсаваных беларускіх пісьменьнікаў, дасьледуе літаратуру беларускага замежжа і сучасны літаратурны працэс, акадэмік міжнароднай акадэміі Эўразіі.

29 кастрычніка, нядзеля

Прачытала зьмястоўны і востры артыкул Сяргея Законьнікава “Кто растит диктаторов” (“Свободные новости плюс”, 25.10.06). А што такое дыктатура – у нас па прыклады хадзіць далёка ня трэба. Сёньня ж 29 кастрычніка – расстрэльны дзень для беларускай літаратуры. (І ня толькі літаратуры!) У гэты дзень і ў наступны (30 кастрычніка) было расстраляна ў 1937 годзе больш за 30 пісьменьнікаў – маладых, прыгожых, таленавітых. (В. Маракоў, П.Галавач, М.Чарот, В.Каваль, А.Дудар, М.Зарэцкі, В.Сташэўскі, У.Галубок, І.Харык, Т.Кляшторны, Я.Нёманскі – цяжка ўсіх і пералічыць!) Хто ў Курапатах, хто на ўскрайку парку Чалюськінцаў… Быў рэпрэсаваны амаль увесь Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Большасьць атрымала па 10 гадоў ГУЛАГу. А пасьля першай лягернай дзясяткі – вечнае пасяленьне ў Сыбіры. Дастаткова згадаць, што 27 гадоў правёў у ГУЛАГу У.Дубоўка, 25 – Я.Скрыган, С.Грахоўскі… Больш за сто творцаў загінула на перасыльных этапах, трасах Калымы, на лесапавалах тайгі, у каменяломнях ля Байкалу. Дыктатура зьнішчыла лепшых!

Дзякаваць Богу, напачатку 90-х стала магчыма вяртаць імёны і творы гэтых сьвятых пакутнікаў. Мне ў ліку іншых дасьледчыкаў літаратуры і гісторыкаў давялося працаваць тады ў архівах КДБ, і тое, што мы там прачыталі і пабачылі, прывяло нас у шок. Ніколі не забудзецца, што тварылі зь цьветам нацыі служкі дыктатара. З тых жудасных сьледчых і судовых спраў мы даведаліся пра сапраўдныя даты расстрэлаў, бо ў савецкіх энцыкляпэдыях паведамлялася, што паміралі маладыя і здаровыя пісьменьнікі ў 37-м ад “паралічу” сэрца. А яшчэ мы спадзяваліся знайсьці іх арыштаваныя творы, але ва ўсіх справах натыкаліся на “Акт о сожжении”. (Палалі вогнішчы зь кніг і рукапісаў каля ўнутранай турмы КДБ – “амэрыканкі”.)

30 кастрычніка, панядзелак

Жыву літаратурай. Захапляюся беларускай паэзіяй, прозай, асабліва люблю В.Быкава. Апошнім часам перачытваю гістарычныя драмы Алеся Петрашкевіча. Ягоныя кнігі “Воля на крыжы”, “Здрапежаная зямля” параіла б прачытаць усім, бо пісьменьнік, па сутнасьці, стварыў драматургічную гісторыю Беларусі. Многія п’есы прысьвечаныя сёньняшнім падзеям. А праблемы пастаўленыя настолькі востра і растрытыя так па-майстэрску праўдзіва! Хоць, вядома ж, ня ставяцца гэтыя п’есы ў сёньняшняй Беларусі, але, дзякуй Богу, што яны напісаныя, а напісанае застаецца.

Ці ж можна абыякава ставіцца да таго, што робіць сёньняшняя дыктатура? Зьнішчаецца ўсё беларускае – найперш мова, аснова нацыі. Фактычна забаронены Саюз беларускіх пісьменьнікаў, без дазволу нам нельга сустракацца з чытачамі, мы выселеныя са свайго Дому літаратара, выкінутая ўнікальная пісьменьніцкая бібліятэка… Пра розныя судзілішчы я ўжо не кажу. Выселеныя зь гістарычнага будынку Інбелкульту згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, Скарынаўскі цэнтар, “Беларускі кнігазбор”…

Але ж літаратура жыве, не разгубіліся нашы пісьменьнікі, як толькі могуць, выдаюць кнігі. Годна, з пачуцьцём еднасьці і гонару за сапраўднае беларускае мастацкае слова прайшоў пятнаццаты зьезд СБП. Жыве і будзе жыць літаратура, мова, пакуль будуць у нас мужныя, таленавітыя творцы!

31 кастрычніка, аўторак

Патэлефанаў з Франкфурту Барыс Уладзімеравіч Кіт. Сьветлы чалавек, ад размовы зь ім заўсёды радасна і цёпла на душы. Па-добраму можна пазайздросьціць яго аптымізму, сіле духу, здароўю, жыцьцястойкасьці. Вось з каго нам трэба браць прыклад – у 96 гадоў жыве праблемамі сьвету, чытае эўрапейскія, амэрыканскія газэты, усё можа пераказаць, зрабіць разумныя высновы. Яго выдатная памяць і веды сусьветнай літаратуры, гісторыі, ня кажучы пра навуку, захоўваюць столькі цікавага, новага, што яго можна назваць “хадзячай энцыкляпэдыяй”. Ён з аптымізмам глядзіць на будучае Беларусі і гэта падтрымлівае, усяляе веру.

Было і мне чым парадаваць нашага славутага беларуса. У Наваградку вырашаная нарэшце справа з пашырэньнем мясцовага гісторыка-краязнаўчага музэю. Яму перадаецца адзін са старажытных будынкаў у цэнтры гораду, дзе будзе шырока разгорнутая пастаянная экспазыцыя Барыса Кіта. Зусім магчыма, што і сам Барыс Уладзімеравіч прыедзе на адкрыцьцё гэтага музэю.

1 лістапада, серада

Атрымала з Канады ліст ад Раісы Жук-Грышкевіч. Мы зь ёю даўно знаёмыя. Спадарыня Раіса апантаная любоўю да Бацькаўшчыны і беларускай справе прысьвяціла ўсё сваё жыцьцё. Выдала кнігу пра мужа, выдатнага беларускага дзеяча “Жыцьцё В.Жук-Грышкевіча”, якая можа служыць энцыкляпэдыяй беларускага руху ў замежжы. Памятаю, як спадарыня Раіса мне яе прыслала і я напісала рэцэнзію. (Тады пра беларускіх дзеячаў замежжа можна было публікаваць артыкулы ў “ЛіМе”, “Зьвязьдзе”, “Советской Белоруссии”, а паспрабуйце сёньня!)

У гэтым лісьце спадарыня Раіса піша пра выданьне ангельска-беларускага слоўніка, а гэта справа жыцьця Валянціны Пашкевіч, яе роднай сястры, якой ужо няма. Прэзэнтацыя фундамэнтальнага слоўніка адбылася ў верасьні ў Менску. На гэтую падзею сабралася шмат беларусаў, прыехалі з Амэрыкі Янка Запруднік з жонкай Надзяй, Вітаўт Кіпель. Мне было вельмі цікава паслухаць меркаваньні дасьведчаных людзей, якія адназначна высока ацэньвалі такое каштоўнае (прычым першае!) выданьне. Пра ўсё гэта і пра свае ўражаньні ад прэзэнтацыі я напісала спадарыні Раісе. Дзякуй ёй за добрыя лісты!

2 лістапада, чацьвер

Дачытала новую аповесьць Вольгі Іпатавай “Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба”. Захапляюся творчай энэргіяй пісьменьніцы. Зусім нядаўна выйшла яе трылёгія “Альгердава дзіда”, а тут ужо новы твор, які ўспрымаецца, як працяг трылёгіі. Вобразы галоўных герояў – віленскіх пакутнікаў – нясуць ідэі чалавечнасьці, гуманнасьці, справядлівасьці, чаго так не хапае нашаму часу.

У сувязі з гэтай кнігай згадалася адна вельмі важная падзея ў беларускім жыцьці: адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі Н.Арсеньневай на будынку былой Беларускай гімназіі ў Базыльянскіх мурох Вільні. Памятаю, зь якім трапяткім пачуцьцём хадзіла я па клясах, калідорах віленскай гімназіі, дзе вучыліся і працавалі славутыя беларусы. Пастаяла на сцэне той залі, дзе некалі маладая Н.Арсеньнева па прадстаўленьні М.Гарэцкага чытала свае першыя вершы на школьнай вечарыне…

А якраз насупраць уваходу ў гімназію стаць царква Сьвятой Тройцы. Яна – на месцы язычніцкай сьвятыні – сьвяшчэннага дуба, дзе пакаралі сьмерцю трох маладых, прыгожых, разумных юнакоў (Яна, Антона, Астапа), якія апярэджвалі свой час…

На зьнешняй сьцяне ля ўваходу ў царкву – выявы трох гэтых сьвятых (у язычніцтве – Кумец, Круглец, Няжыла), якія сымбалізуюць пакутніцкую гісторыю Беларусі.

3 лістапада, пятніца

За вокнамі – залатая восень. Наш дом стаіць, можна сказаць, у сквэры. Гэта тэрыторыя былых камароўскіх дамкоў. Пад вокнамі – прыгажуня груша, сьлівы, вішні, яблыні. Вясною, калі зацьвітаюць сады, а восеньню, калі дрэвы стаяць у золаце, ня трэба ехаць у лес (а я вельмі люблю бываць у лесе), каб палюбавацца непаўторнай беларускай прыродай. І кожны раз разумееш, чаму ёю захапляліся паэты, асабліва наша Арсеньнева, якую па праву называюць пясьняркай восені:

“Ціха восень да ймжы пахавальнай жаўтатканы дыван расьцілае на дне ціхай, вільготнай лагчыны. Ціха восень да ймжы пахавальнай паліць жоўтыя сьвечкі ў гаі – усе бярозкі малыя, асіны…”
XS
SM
MD
LG