Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я веру не ў Мінск, а ў Менск”


Ганна Соўсь, Прага На гэтым тыдні слухачы “Свабоды” праз пошту і тэлефанаваньні адказвалі на пытаньне “У што я веру”. Гэтаксама пра сваю веру гаварылі суразмоўцы начной і ранішняй Свабоды .

Госьця начной Свабоды паэтка Валерыя Кустава гэтак акрэсьлівае сваю веру.

(Кустава: ) "Я веру ў шчырасьць і я веру ў дзівосы. І я веру ў тое, што трэба самому быць дзівам, каб бачыць дзівосы. Самы апошні раз я бачыла цуд, калі пачалася восень. Я зайшла ў прыгожую прысаду, навокал нікога не было. Прычым я кудысьці сьпяшалася, штосьці вусьцішнае мяне на імгненьне затрымала. Я агледзелася і ўбачыла, што гэта дзіва...". Наступны госьць "Начной Свабоды" Сяргей Патаранскі, аўтар новага дакумэнтальнага фільму пра сёлетнія сакавіцкія пратэсты ў Менску, гэтак гаворыць пра сваю веру.

(Патаранскі: ) “Па-першае, я веру не ў Мінск, а ў Менск. Я веру не ў нейкі Вільняўс і Тракай, а веру ў нашу вялікую Вільню -- гістарычную сталіцу і Трокі нашы вялікія. Я веру ў сумленнасьць Аляксандра Казуліна, які і мусіў атрымаць гэтую "сахараўскую прэмію". А самае галоўнае ў што я веру. Я веру ў сілу мастацтва, у сілу культуры і адукацыі, дзякуючы якой і можа падняцца наша нацыя, і якой, на жаль, не разумеюць нашы малапісьменныя палітыкі, таму што культура і мастацтва вышэй любых палітычных амбіцый. гэта мая грамадзкая пазыцыя”.

На гэтым тыдні лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны на паўтара году турмы. Ягоны бацька Вячаслаў Дашкевіч ў начным эфіры “Свабоды” вельмі каротка, але выразна сказаў пра тое, ў што ён верыць.

(Дашкевіч: ) “У дабрыню. Гэта асноўнае. У дабрыню”.

Цяпер зьвярнуся да лістоў слухачоў “Свабоды, якія пішуць пра сваю веру. Эдуард Тобін са Смалявічаў са шкадаваньнем адзначае, што ён і ягоная жонка вераць ў тое, што “пакуль нашы гэтак званыя “пастары” будуць “талдычыць” пра Беларусь, ня маючы паняцьця аб этымалёгіі гэтага слова (белая ці, дакладней, засьнежаная прастора, правінцыя, вёска – славяна-лацінская абракадабра) наша Айчына ўвойдзе ў склад Расейскай Фэдэрацыі”. Марыя Кашалькова з Аксакаўшчыны Менскага раёну верыць у сьветлую будучыню любімай Радзімы – Беларусі. Яна верыць, што дыктатура неўзабаве зьгіне, і яе дзеці і ўнукі будуць жыць у вольнай Беларусі”.

Сьмяшкоў Алег з Магілёву разважае: “Веру ў тое, што нічога не выпадкова, і як вынік, чым большая працягласьць жыцьця ў сярэднім, тым карацей працягласьць жыцьця чалавецтва”.

Аляксандар Яцкевіч з Віцебску праз тэлефон-аўтаадказьнік “Свабоды” вершам адказаў на пытаньне “У што я веру”

(Яцкевіч: ) “Не хадзі ў царкву, мой браце, Не шукай нічога. Няма праўды ў пракурора, Няма і ў Бога. Пракурор паабяцае, Можа і забыцца, Ну, а Богу тое гора Нават не прысьніцца. Можа ты не ўцяміў, браце, Каго Бог шануе? У каго машна таўсая, Таго і шануе. У лепшым выпадку галечы Рай паабяцае. Адзьдзячыць яму нечым, Хіба заляцае, Хутчэй па тваю душу, Каб ня бэсьціў сьвету, У царквы яшчэ, крый Божа, Не прасіў манэту. Ды пра зад папоўскі тоўсты Часам не падумаў, У галоўцы, у дурненькай, Не нарабіў тлуму. Не хадзі ў царкву, мой браце, Не шукай нічога, Як жабрак, вазьмі манэту, Спажыві бязь Бога. Дзякую”.

І на заканчэньне агляду – госьця ранішняга эфіры “Свабоды”, дасьледчыца літаратуры Лідзія Савік і яе вера.

(Савік: ) “Я веру ў дабро, у справядлівасьць і лічу, што кожны чалавек павінен мець Бога ў Душы"

Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
XS
SM
MD
LG