Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лёс Садама і ягоных памагатых – ўрок для кожнага”


Ганна Соўсь, Прага Сёньня найвышэйшы трыбунал Іраку прысудзіў былога ірацкага прэзыдэнта Садама Хусэйна да сьмяротнага пакараньня праз павешаньне за масавыя забойствы цывільных жыхароў.

Калі судзьдзя Раўф Абельрахман зачытваў прысуд, былы прэзыдэнт Іраку Садам Хусэйн спрабаваў перакрычаць судзьдзю, выкрыкваючы “Алах вялікі”, “Алах мацней за акупантаў”, "Жыве вялікі ірацкі народ”.

Да сьмяротнага пакараньня праз павешаньне прысудзілі таксама двух паплечнікаў зрынутага дыктатара – ягонага зводнага брата, былога начальніка спэцслужбаў Барзана Ібрагіма ат-Тыкрыці і былога галоўнага судзьдзю Авада Хамада аль-Бандара.

Былы віцэ-прэзыдэнт Іраку Таха Ясін Рамадан атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньне, тры партыйныя функцыянэры – па 15 гадоў турмы. Сёмы падсудны быў апраўданы за недахопам сьведчаньняў.

Усіх семярых абвінавачвалі ў забойстве 148 ірацкіх шыітаў -- жыхароў вёскі Дуджайль ў 1982 годзе.

Ірацкія і амэрыканскія ўрадоўцы павіталі рашэньне суду. “Гэта найменшае, чаго заслужыў Садам, паколькі ягоны злачынствы былі яшчэ большымі”, сказаў прадстаўнік ірацкага прэм’ра.

А вось рэакцыя Абдула Азіза Аль-Хакіма, лідэра найбольш уплывовага шыіцкага блёку ў ірацкім ўрадзе.

"Лёс Садама і ягоных памагатых – ўрок для кожнага. Усе тыраны, незалежна да таго, наколькі яны саманадзейныя, атрымаюць тое, чаго яны заслугоўваюць ад рук тых, хто несправядліва пацярпеў, у гэтым ці іншым жыцьці”.

Амэрыканскі амбасадар у Іраку Залмай Халілзад сказаў, што завяршэньне гісторыі Садама і ягонага рэжыму дае шанец для іракцаў, каб аб’яднацца.

Прадстаўнік Белага Дому Тоні Сноў сказаў, што “гэта добры дзень для ірацкіх людзей”. Прысуд павітала і Вялікая Брытанія.

Аднак Францыя, Італія і Гішпанія выступілі супраць сьмяротнага пакараньня ў прынцыпе.

Кіраўнік ведамства правоў чалавека ААН Луіза Арбур пасьля прысуду заклікала да увядзеньня маратору на сьмяротнае пакараньне ў Іраку.

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International не назвала суд справядлівым і не падтрымала сьмяротнае пакараньне .

Пасьля вынясеньня прысуду пачаліся пратэсты ў родным горадзе Садама Хусэйна Тыкрыце, прыхільнікі зрынутага дыктатара стралялі ў паветра .

У курдзкіх абласьцях паўночнага Іраку і ў шыіцкіх раёнах на поўдні краіны наадварот людзі сьвяткуюць сьмяротны прысуд Садаму Хусэйну. Менавіта ў гэтых рэгіёнах людзі зьведалі найбольш рэпрэсій ад рэжыму Хусэйна.

Адвакаты Хусэйна могуць падаць апэляцыю ўжо ў панядзелак.
XS
SM
MD
LG