Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы судзьдзя С.Ярашэвіч асуджаны да 2 гадоў папраўчых работ


Радыё Свабода Сьветлагорскі раённы суд за запіс у кнізе заўваг і прапановаў асудзіў былога судзьдзю Сяргея Ярашэвіча. Сёньня судзьдзя Натальля Белайчук абвясьціла прысуд у крымінальнай справе супраць яго: С.Ярашэвіч прызнаны вінаватым у абразе судзьдзяў з Рагачову Ўладзімера Саламейчука і Мікалая Рубісава і пакараны двума гадамі папраўчых работ з утрыманьнем у даход дзяржавы 20 працэнтаў заробку.

Гаворыць Сяргей Ярашэвіч:

(Ярашэвіч: ) "У нас апраўдальных прысудаў не бывае. З сыстэмай немагчыма змагацца. Сваім запісам у кнізе заўваг я паказаў факт таго, што ў нашай рэспубліцы могуць асудзіць невінаватага чалавека – ня простага, які далёкі ад юрыспрудэнцыі. Нават юрыста могуць прызнаць вінаватым, і ён бяспраўны, ён ня зможа даказаць сваю невінаватасьць. І я як бы стаў ворагам усёй сыстэмы",

сказаў былы судзьдзя і адвакат са Жлобіну Сяргей Ярашэвіч.

Мы ўжо распавядалі, што падставай для крымінальнага перасьледу спадара Ярашэвіча паслужыў ягоны запіс у кнізе заўваг і прапановаў Рагачоўскага суду. Ён меў неасьцярожнасьць параўнаць рагачоўскіх судзьдзяў з судзьдзямі 1937 году, якія нібыта ўчыняюць судзілішча па прынцыпе: быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца.

Сёлета ўвесну згаданыя рагачоўскія судзьдзі пачаргова разглядалі даволі блытаную крымінальную справу супраць Сяргея Ярашэвіча, абвінавачанага ў хуліганстве з нанясеньнем лёгкіх цялесных пашкоджаньняў былому супрацоўніку жлобінскай міліцыі. У апошняга зь Ярашэвічам склаліся непрыязныя побытавыя дачыненьні.

У Рагачоўскім судзе спадара Ярашэвіча аштрафавалі на 3 мільёны 100 тысячаў рублёў. Разьбіральніцтва і прысуд ён палічыў неаб''ектыўнымі, таму і ўчыніў запіс у кнізе заўваг і прапановаў.

У выніку—чарговая крымінальная справа і чарговы прысуд, прычым першы такі ў краіне. Да гэтага часу, наколькі вядома, у Беларусі за запісы ў кнігах заўваг, уведзеных у кожнай установе на падставе ўказу кіраўніка дзяржавы, нікога да крымінальнай адказнасьці не прыцягвалі.

Судзьдзя Натальля Белайчук лічыць, што спадар Ярашэвіч абразіў пісьмова рагачоўскіх судзьдзяў пры ажыцьцяўленьні імі правасудзьдзя:

(Белайчук: ) "Нашы грамадзяне такія рэчы іншым разам пішуць – і ў скаргах, і ў кнігах, дазваляюць сабе зашмат, пераходзяць на асобы. Ня згодны з прынятым рашэньнем, абскарджвай, як належыць, рашэньне. Навошта ж судзьдзю абражаць?",

лічыць Натальля Белайчук, якая сёньня пакарала былога судзьдзю Сяргея Ярашэвіча двума гадамі папраўчых работ за запіс у кнізе заўваг і прапановаў.

Сяргей Ярашэвіч наважаны абскардзіць вырак у вышэйшай судовай інстанцыі. На яго думку, кніга заўваг для таго і існуе, каб любы чалавек мог выказаць сваё меркаваньне наконт таго, як зь ім абыходзіліся тыя ці іншыя дзяржаўныя чыноўнікі, у тым ліку і судзьдзі, паколькі кнігі заўваг ёсьць і ў судах.
XS
SM
MD
LG