Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмененыя ўсе судовыя рашэньні ў справе царквы “Новае жыцьцё”


Любоў Лунёва, Менск Вышэйшы гаспадарчы суд адмяніў судовыя рашэньні гарадзкога суду, паводле якіх пратэстантаў суполкі “Новае жыцьцё” пазбавілі зямельнага надзелу, а храм вернікаў перавялі ў гарадзкую маёмасьць. Цяпер комплекс праблемаў суполкі зь Менгарвыканкамам будзе вырашаць вышэйшая інстанцыя.

Вышэйшы гаспадарчы суд сам будзе разглядаць справу, якая выклікала шырокі розгалас у грамадзтве. Цягам году ў дачыненьні да царквы “Новае жыцьцё” было прынята 11 судовых рашэньняў. Даходзіла да таго, што ў Менскім гаспадарчым судзе вернікі ўдзельнічалі адразу ў трох працэсах, якія скончыліся на карысьць гарадзкіх уладаў.

Спачатку вернікаў пазбавілі зямельнага надзелу, потым пачалася барацьба за будынак (былы калгасны кароўнік), які вернікі набылі ў 2002 годзе на ўскрайку Менску. Пасьля таго, як вернікі за свае грошы зрабілі эўрарамонт будынку і добраўпарадкавалі тэрыторыю каля свайго храму, чыноўнікі Менгарвыканкаму пастанавілі, што будынак выкарыстоўваецца не па прызначэньню. Згодна з судовым рашэньнем, на рахунак царквы пералічылі 35 мільёнаў рублёў кампэнсацыі, а сам будынак перавялі ў гарадзкую маёмасьць. Пратэстантам пасьлядоўна адмовілі ўсе інстанцыі, і напачатку восені рашэньні ўступілі ў законную сілу.

Вернікі распачалі галадоўку пратэсту ў будынку царквы. Да іх далучыліся пастары і вернікі зь іншых суполак. Больш за сотню вернікаў трымалі пост на знак салідарнасьці з галадоўнікамі. На 23-ці дзень галадоўкі Вышэйшы суд вынес пратэст на судовыя рашэньні, і акцыю спынілі.

Сёньня Вышэйшы гаспадарчы суд гэтыя рашэньні адмяніў і цяпер сам будзе разглядаць справу. Юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін упершыню ў сваёй практыцы сутыкаецца з такой зьявай:

(Луканін: ) “Прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду будзе самастойна разглядаць нашу справу ад самага пачатку: зямельны надзел; каму будзе належаць будынак; таксама будзе вырашацца пытаньне, якое ж прызначэньне нашага будынку – культавае, ці гэта кароўнік. Гасподзь пачуў нашы малітвы, і наша акцыя, галадоўка, не прайшла бясьсьледна”.

Вернікі разьлічваюць 9 лістапада атрымаць адказ на паперы. Яны спадзяюцца, што ў хуткім часе судовыя ўлады больш прыязна паставяцца да пратэстантаў.
XS
SM
MD
LG