Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты КХП БНФ ушанавалі памяць ахвяраў Лошыцкага яру (фота)


Альгерд Невяроўскі, Менск Трохі больш за 30 чалавек прыйшлі сёньня ў Менску да крыжа з надпісам: “Ахвярам бальшавіцкага тэрору”, які стаіць у яры каля вёскі Лошыца. Там у 30-я гады мінулага стагодзьдзя НКВД расстрэльвала сваіх ахвяраў. Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ штогод на Дзяды ладзіць там мітынг-рэквіем. У Лошыцкім яры пабываў наш карэспандэнт.

Акцыя пачалася шэсьцем ад Палацу культуры менскага Камвольнага камбінату, які знаходзіцца прыкладна ў кілямэтры ад месца расcтрэлаў. Трохі больш за 30 чалавек пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, у атачэньні прыкладна такой жа колькасьці мліцыянтаў у цывільным, рушыла ў Лошыцкі яр, дзе адбыўся мітынг-рэквіем. Ён пачаўся сьпяваньнем гінму “Магутны Божа”.

Пасьля слова ўзяў актывіст КХП БНФ Анатоль Лагутаў:

(Лагутаў: ) “Мы сабраліся сёньня ў гэтым, сьвятым для кожнага беларуса месцы, бо тут ляжаць бязьвінна забітыя ў часы бальшавіцка-расейскага тэрору. На вялікі жаль, Дзяды сёньня не адзначаюцца на дзяржаўным узроўні. Такіх месцаў у Беларусі вельмі шмат. Гэта ня толькі Курапаты і Лошыцкі яр. Уся беларуская зямля выкладзеная косткамі нашых людзей. Здаецца, ну чаму не сьвяткуецца гэтае чалавечае, нацыянальнае сьвята беларусаў? Гэта гістарчны факт, які ніхто не адмаўляе, што на тэрыторыі Беларусі такое рабілася. Здавалася, трэба было б пакаяцца каб такое больш на нашай зямлі не паўтарылася. Але ж не! Ні пакаяньня, ні прызнаньня гэтага факту няма”.

Выступоўцы казалі, што паводле афіцыйных зьвестак у Беларусі цяпер жыве каля 6 тысячаў вэтэранаў НКВД-МГБ СССР. Ніхто іх да адказнасьці не прыцягвае. Адпаведна ўлады і ня хочуць належна ўшаноўваць памяць ахвяраў бальшавіцкага тэрору – лічаць арганізаты мітынгу.

Сакратар управы КХП БНФ Валер Буйвал адзначаў, што гэтыя рэпрэсіі былі лягічным вынікам акупацыі Беларусі Расеяй:

(Буйвал: ) “ Штогод прыходзім мы ў Курапаты, сюды ў Лошыцкі яр. Па ўсёй краіне беларускія патрыёты, носьбіты памяці, сумленьня нашага народу прыходзяць да сьвятых месцаў палітых крывёй бязьвінных ахвяраў беларускага народу. Ахвяраў расейскай акупацыі нашай краіны”.

Удзельнікі мітынгу ўсклалі да крыжа кветкі і запалілі сьвечкі-зьнічы ў памяць па ахвярах тэрору.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG