Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты. Калекцыя тыдня (28.10-03.11.2006)


Радыё Свабода Самыя яскравыя выказваньні герояў нашых перадачаў, што прагучалі на нашых хвалях на гэтым тыдні, словы знамянальныя, сьмешныя і жахлівыя – на сайце “Свабоды”.

“Чаму чалавек не можа думаць так, як ён хоча? Ён не зрабіў ніякага злачынства: не забіў, не ўкраў, не абразіў. Ён толькі мае свае думкі”.

Валеры Дашкевіч, бацька асуджанага на паўтара году зьняволеньня лідэра "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча.

“У немцаў раней былі закрытыя, сакрэтныя працэсы... Мільёны людзей былі забітыя паводле пастановаў сакрэтных трыбуналаў… Мы спрабуем зразумець, чаму закрытыя працэсы адбываюцца цяпер у Беларусі? Чаму тут ня вывучылі ўрокаў сталінізму і тэрарыстычных працэсаў, якія былі ў Нямеччыне?”

Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Марцін Гэкер пра суд над Зьмітром Дашкевічам.

“Гэта сцэнар. Гэта артыкул, сцэнар па якім паўтараецца. І страшна падумаць, куды яшчэ гэты сцэнар прывядзе”.

Адвакат Аляксандар Галіеў пра прысуд Зьмітру Дашкевічу.

“Беларускія ўлады выкарыстоўваюць мэтад правакацыі, каб дыскрэдытаваць Саюз палякаў Беларусі і старшыню гэтай арганізацыі Анжаліку Борыс… У сьвеце ня ведаюць яшчэ аднаго выпадку настолькі моцнага і адчувальнага перасьледу польскай меншасьці”.

Маршалак польскага Сэнату Багдан Барусэвіч пра затрыманьне Анжалікі Борыс.

“Я 40 гадоў адпрацавала ў гэтым Палацы культуры. Але я першы раз у жыцьці бачу гэтых чарцей. Усё”.

Вахторка ў Палацы культуры Менскага трактарнага заводу пра музычны фэст на Гэлаўін.

"Хай прыяжджаюць, ім ніхто не забараняе. Хаця… Мяне ў самай малой ступені цікавяць інтарэсы сям’і Джуста—Барначын. Як паступіла гэтая сям’я, як яны нам патрапалі нэрвы!"

Супрацоўніца Менскай абласной управы адукацыі Ала Паляўчук пра сытуацыю вакол 10-гадовай сіраты Вікі Мароз, якую спрабавала ўдачарыць італьянская сям''я.

“Гэта хлусьня. Я хачу ў Італію, да мамы”.

Віка Мароз у адказ на пытаньне італьянскага журналіста, ці праўда, што яна добраахвотна выбрала вярнуцца ў Беларусь.

“Я паважаю па-сапраўднаму тыя ўзнагароды, якія я атрымаў менавіта на вайне. І за вайну. А вось ужо юбілейныя мэдалі, якія на мяне навешалі за 60 пасьляваенных гадоў, гэта – прапагандысцкія бляшкі. Улада, так бы мовіць, “аддзелвалася” ад вэтэранаў тым, што вешала на іх яшчэ адну бляху”.

Пісьменьнік, партызан Валянцін Тарас.

“У 1962 годзе ў Белавескай пушчы быў чарговы замах на Хрушчова. У яго нехта страляў, але тыя вэтэраны, зь якімі мы кантактавалі, гаварылі, што да гэтага замаху яны ня мелі дачыненьня. Магчыма, паквітацца з Хрушчовым спрабаваў нехта з тых партызанаў, што заставаліся ў Беларусі”.

Гісторык Сяргей Ёрш пра антыкамуністычны пасьляваенны супраціў.

“Я прыехала сюды, бо права на свабоду сумленьня, права на малітву ёсьць адным з асноўных правоў чалавека ва ўсіх краінах сьвету, у тым ліку і ў Злучаных Штатах. І гэтае права Злучаныя Штаты заўсёды падтрымлівалі”.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт пра свой візыт да вернікаў царквы “Новае жыцьцё”.

"Нам патрэбная свабода веравызнаньняў не як у Амэрыцы, а як у Беларусі "залатога веку". У любога чалавека мусіць быць права вызнаваць любою рэлігію, або не вызнаваць ніякай. Але разам з тым Беларусь ёсьць хрысьціянскай краінай, і грамадзкія прыярытэты – праваслаўе, каталіцтва, грэка-каталіцтва, пратэстанцтва – для мяне відавочныя".

Палітык Павал Севярынец падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце "Свабоды".

“Яны аднаўляюць сыстэму, да якой прызвычаіліся, — аўтарытарную, таталітарную, калгасную. І ўсё падганяюць пад тыя схемы. У 1970-я гады ж не было ніякіх праваабарончых арганізацыяў, апазыцыйных партыяў”.

Людміла Гразнова пра аднаўленьне справы аб прыпыненьні дзейнасьці Беларускага Хэльсынскага камітэту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG