Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 3 лістапада


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Вітаю! На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюцца паліўна-энэргетычныя дачыненьні Беларусі і Расеі. Нехта Ivan_Denisovich мяркуе: “Бацьку трэба прэсаваць, каб выконваў дамоўленасьці, падпісаныя ім раней. Таму што з-за ягонага банальнага жлобства Беларусь губляе сотні мільёнаў умоўных адзінак. Вельмі тыповая для беларусаў рыса: ашчадзіць на лайне 5 даляраў, у пэрспэктыве страціць 50 (але аб гэтым мозг сярэдняга беларуса чамусьці не здагадваецца) і яшчэ лічыць, што ён выдатна сэканоміў і які ён дбайны гаспадар. Таму правільна, правільна. Няхай прэсуюць. Калі бацька пойдзе на саступкі, ад гэтага самой Беларусі будзе карысьць”.

Нехта skomoroh_roker з суполкі Жывога журнала minsk_by дзеліцца такім назіраньнем: “Кожную раніцу, едучы на працу, у час ад 8 да 8.20 бачу на Машэрава БТР-80, які едзе ў суправаджэньні адной міліцэйскай машыны па напрамку ад цэнтра да Менскага мора. Едуць на добрай хуткасьці, сьвежафарбаваны, зь люкаў тырчаць вайскоўцы. Хто што ведае? Сёньня сустрэў а 8.12 каля футбольнага манэжу. Учора а 8.15 на скрыжаваньні Машэрава-кальцавая. Прапаную таксама задацца пытаньнем: а што ноччу ў цэнтры гораду робіць вайсковая тэхніка?” На што alex_v_bolt адказвае: “Яна ноччу ў цэнтры гораду баіцца. А ранкам яна зьяжджае баяцца ў казарму. Ноччу сярод людзей ёй ня так страшна баяцца”. А вось lukevader радзіць: “Ну што за звычка ўсё на жарт пераўтвараць? Я ня ведаю, што БТР робіць, але сам такі факт цікавы”.

У сваім сеткавым дзёньніку Abrykos, дзеліцца наступным назіраньнем: “Мой прыяцель, топ-мэнэджэр саліднай фірмы, распавядае пра сваіх маладзейшых падначаленых. Гэта людзі 24-28 гадоў, якія зарабляюць 400-600 даляраў, здымаюць кватэру альбо жывуць з бацькамі і якія лыпаюць зьдзіўлена вачыма, калі мой прыяцель пачынае гаварыць штосьці “пра паліціку”. Іх не цікавіць А.Р., бо аніякім бокам іхнай працы указы А.Р. не датычаць. А тыя, хто так-сяк процістаіць А.Р., для іх у лепшым выпадку дзівакі. І вось мы з прыяцелем час ад часу абмяркоўваем гэты сацыяльны фэномэн. А нядаўна сустрэў допіс: “Такое адчуваньне, быццам вы жывеце недзе на Марсе, а Беларусь для вас — гэта недзе там, далёка...” Гэты допіс дапамог мне зразумець людзей, якія абмяркоўваюць (крытыкуюць) палітыку А.Р., але да тых, хто яму супрацьстаіць, ставяцца ці з пагардай, ці ў лепшым выпадку як да фрыкаў. І называюць іх “оппамі”. Гэта актыўны офісны плянктон”.

У гасьцёўні сайту Менсктрансу нехта Андрэй сёньня занатаваў: “Ехаў у аўтобусе 107 маршруту прыкладна ў 12.30. Падышла кандуктар і прапанавала набыць праязныя квіткі сумнеўнага выгляду, у рулончыках. Народ у аўтобусе абураўся, а кандуктар сказала, што гэта квіткі новага ўзору. Ніхто са знаёмых пра новыя квіткі ня чуў. Магчыма, гэта “лявак”. А вось і не. Гэта сапраўды новыя старыя квіткі, якія ўжываліся ў нашым транспарце гадоў з трыццаць таму”.

Сайт першага незалежнага рэстараннага рэйтынгу allrest.by. Там маецца кніга скаргаў, апошні запіс у ёй датычыць менскай рэстарацыі “Coliseum”: “Ежа проста мярзотная. Паспрабаваць вытанчаную франка-італьянскую кухню не атрымаецца”. А вось у кнізе падзяк пра той жа “Coliseum” напісана: “Жывая вечаровая музыка добрая”. Дарэчы, у рэйтынгу лепшых клюбаў Менску лідзіруе “Овэртайм”, сярод рэстарацыяў — “Новая галерэя”.

І на заканчэньнежарцік з пацяшальнага сайту “Баян”: “Што значыць “Рабуй нарабаванае?” — спытаў сын свайго бацьку-праграміста. “Гэта калі пірацкі аўдыёдыск пераганяеш у mр3!”

Дасылайце свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітрый Падбярэзскі, яшчэ сустрэнемся…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG