Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошняя старонка


Вінцэсь Мудроў

У “Летнім альбоме” знайшлі свой адбітак падзеі, постаці і рэчы, што надарыліся, дзеялі і былі ва ўжытку ад пачатку шасьцідзясятых да сярэдзіны васьмідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя. Памежнымі знакамі той эпохі стаў палёт Гагарына і выбух заводу па вытворчасьці зброевага плютонію ў Чарнобылі. Гэта была пара юнацтва, самая шчасьлівая пара ў маім жыцьці і ў жыцьці майго пакаленьня.

Вось ён, герой таго часу, гушкаецца, смаркаты і шчасьлівы, на драўляным коніку. Герою шэсьць гадоў. На ім сіняя матроска і кароткія майткі. А вось ужо, пасталелы, падрослы за год на шэсьць сантымэтраў, шыбуе па вуліцы з кнігаю пад пахай. Што за кніга? Ну, вядома ж: “Васёк Трубачоў ды яго таварышы”. Тым часам з вулічнага рэпрадуктара вырываецца на прасьцяг натужлівы голас: “А если, понимаете, империалисты и дальше не успокоятся, то могут получить по мягкому месту”. Зычны голас патанае ў шквале аплядысмэнтаў. Гэта савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў дае дыхту амэрыканцам. Насьпявае Карыбскі крызіс.

“Пройдзе некалькі гадоў, і вы, сёньняшнія піянэры, будзеце будаваць самае цудоўнае грамадзтва на зямлі – камунізм!” – гучыць ужо зь іншага рэпрадуктара, усталяванага ў актавай залі сярэдняй школы. Гэтым разам зычны голас перарываецца здэнерваваным сіпеньнем настаўніцы: “Я цябе зараз выведу адсюль!” Ідзе ўсесаюзная піянэрская радыёлінейка.

У Даласе забіваюць прэзыдэнта ЗША Кенэдзі; Хрушчова скідваюць з пасады; менскае “Дынама” гуляе ў фінале кубка СССР па футболе; у далёкім Ташкенце надараецца землятрус; усё прагрэсіўнае чалавецтва сустракае 50-ю гадавіну савецкай улады; на экраны выходзіць фільм “Фантамас”; па Празе, сінім дымам спавіўшы Вацлаўскі пляц, рухаюцца савецкія танкі.

“Казахстан может дать и два милиярда пудоў”, – гукае Леанід Ільліч. Ды герой ня чуе генсэкаўскага мармытаньня. Ён сядзіць, прыціснуўшы вуха да пярэдняй панэлі магнітафону, і захоплена лыпае вачыма. “Yesterday, all my troumbles seemed so far away”, – шапялява азываецца магнітафон.

Здаецца, гэта было ўчора: магнітафон “Дайна”, транзыстар ВЭФ, песьні “бітлоў”, валасы па плечы. І вось ужо нехта сівабароды, са ссунутымі на кончык носу “хамелеонамі”, керхае і стрыманым голасам чытае нататкі пра рэчы дэфіцытныя калісьці і сьмешныя сёньня. Э-ээ, дык гэта ж наш герой вылез з-пад крушні пражытых гадоў і чытае з паперкі чарговы ўспамін. Дзьверы студыі расчыняюцца і пройма гоніць паперку па стале. Гэта восеньскі вецер ўварваўся ў прачыненыя дзьверы і перагарнуў апошнюю старонку “Летняга альбому”.
XS
SM
MD
LG