Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Грабаў (5.11.1956, г. Чусавой, Пермская вобл., Расея — 3.11.1981, чыгуначны перагон Мурманск — Кіеў. Пахаваны ў Наваполацку.)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Хто ведае, можа, ён стаў бы нашым Адэльбэртам Шаміса... або другім Максімам Багдановічам?.. Народжаны на Ўрале хлопчык, які ў восьмай клясе пісаў:

“Рушу па Беларусі... У небе маланка палае. Пад прыгнётам усходнім стогне наша зямля. Песьні жальбы лунаюць ад краю да краю...”

Андрэй Грабаў быў самым юным і, верагодна, самым таленавітым паэтам самвыдавецкага літаратурнага альманаху “Блакітны ліхтар”, які ў 1973—1974 гадах выпускаў мой сябар Вінцэсь Мудроў з таварышамі. Усе 15 яго нумароў былі сканфіскаваныя гэбістамі ды так і не вярнуліся з архіваў усемагутнай канторы нават у першыя гады незалежнасьці. Адной канфіскацыяй, вядома, не абышлося. Былі гэтак званыя “прафіляктычныя гутаркі”, запалохваньні.

Жыцьцё аўтараў “Блакітнага ліхтара” склалася па-рознаму, а ў Андрэя — зусім рана завяршылася трагедыяй.

Ён быў таленавітым у многім — у сяброўстве, у спорце, дзе займаўся воднымі лыжамі, у любові да старэйшай сястры Наташы, якой зь першай стыпэндыі на ўсе грошы купіў у падарунак яшчэ вельмі рэдкую ў тыя часы рэч — фэн.

Ён ледзь пасьпеў скончыць Наваполацкі політэхнічны інстытут, і адразу быў забраны ў войска. Ёсьць зьвесткі, што ім, як беларускім нацыяналістам, раз-пораз цікавіліся “асабісты”. У лістападзе 1981-га, за два дні да 25-годзьдзя, Андрэя, што суправаджаў вайсковы груз на перагоне Мурманск — Кіеў, знайшлі ў эшалёне, расстралянага разам зь некалькімі саслужбоўцамі з аўтамату.

У такіх выпадках цяжка казаць пра творчую спадчыну. Калі-небудзь юначыя вершы Грабава вырвуцца з спэцсховішчаў КГБ. Магчыма, сваякі пагодзяцца надрукаваць лірыку з нататніка, цалкам прысьвечанага дзяўчыне Раісе — ягонаму адзінаму й непадзеленаму каханьню.

“Ён быў прыкольны хлопец”,— скажа у дзень 50-годзьдзя ўлюбёнага брата яго сястра Наташа, якая дагэтуль лічыць Андрэя найбліжэйшым для яе чалавекам.

А я яшчэ раз узгадаю ягоныя напісаныя на пачатку глухіх 70-х аптымістычныя радкі:

“Але хутка — ходзяць чуткі — Паўстане моладзі атрад!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG