Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргізстан: улады вінавацяць апазыцыю ў змове


Юрась Бушлякоў, Прага Палітычнае напружаньне ў Кіргізстане расьце: сёньня прэм’ер-міністар Фэлікс Кулаў заявіў парлямэнту, што мае зьвесткі пра рыхтаваны апазыцыяй гвалтоўны захоп улады ў краіне. Прэзыдэнт Кіргізстану Курманбэк Бакіеў паабяцаў выкарыстаць усе законныя сродкі, каб абараніць структуры ўлады. У сваю чаргу лідэры апазыцыйных сілаў заклікалі суайчыньнікаў працягваць акцыі пратэсту да часу, пакуль кіраўнікі краіны не пачнуць рэалізацыі доўгачаканых рэформаў або не пададуць у адстаўку.

Выступаючы ў парлямэнце, прэм’ер Кулаў заявіў, што Нацыянальная служба бясьпекі Кіргізстану мае ў сваім распараджэньні кампутарны дыск, на якім зьмешчана інфармацыя пра пляны апазыцыі захапіць урадавыя будынкі ў Бішкеку і шэраг важных аб’ектаў у рэгіёнах краіны. Дэпутатам парлямэнту таксама далі паслухаць запіс, зроблены нібыта на паседжаньні апазыцыйнага руху “За рэформы!”. Прэм’ер Кулаў запэўніў дэпутатаў, што запіс сапраўдны.

(Кулаў: ) “У гэтым запісе гаворыцца пра тое, што абмяркоўваюцца спробы захопу шэрагу важных аб’ектаў. І адначасова гаворка ідзе пра тое, каб паспрабаваць захапіць некаторыя населеныя пункты, падняць народ, выступіць з зваротам да народу”.

Апазыцыйныя лідэры адкінулі абвінавачаньні Кулава, назваўшы прапанаваны дэпутатам запіс падробкаю.

Тым часам сёньня каля 2 тысяч дэманстрантаў прыйшлі сёньня да мэрыі Бішкеку, патрабуючы адстаўкі мэра Арстанбэка Нагоева. Затым дэманстранты накіраваліся да будынку дзяржаўнай тэлевізіі, дамагаючыся бесстароннага асьвятленьня палітычнага крызісу ў краіне. У ходзе сустрэчы апазыцыйных лідэраў з кіраўніцтвам тэлекампаніі было дамоўлена аб эфірным часе для апазыцыі: па паўгадзіне два разы на дзень.

Апазыцыя заклікае прэзыдэнта Бакіева выканаць перадвыбарныя абяцаньні і правесьці канстытуцыйную рэформу, у выніку якой частка прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў мае перайсьці да ўраду і парлямэнту.

Напярэдадні каля 15 тысяч чалавек правялі мітынг на пляцы перад сядзібаю кіргіскага прэзыдэнта. Сотні зь іх застаюцца там у намётах. Тым часам штаб руху “За рэформы” дазволіў сваім прыхільнікам пачынаць акцыі пратэсту ўва ўсіх рэгіёнах краіны. Апазыцыйныя лідэры спадзяюцца на тое, што пратэсты ня спыняцца да часу, пакуль патрабаваньні дэманстрантаў ня будуць выкананыя.
XS
SM
MD
LG