Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька Зьмітра Дашкевіча наведаў сына ў ізалятары


Любоў Лунёва, Менск Лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча, пакаранага 1 лістапада пазбаўленьнем волі на паўтара году за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, наведаў у ізалятары бацька.

Зьміцер Дашкевіч сказаў бацьку, што спакойна ўспрыняў прысуд. Ён не спадзяваўся, што яго вызваляць, і быў гатовы да горшага. Гаворыць Вячаслаў Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Усё чуў, усё ён чуў. Дык я ж, калі чакаў агалошаньня прысуду, у калідоры сядзеў — і тое чуў. Ён вельмі ўдзячны. Казаў: “Каго ні сустрэнеш, усім прывітаньне, усім дзякуй! Не турбуйцеся", супакойваў мяне, "усё будзе добра, нават раней, чым ты думаеш”. Ну, я быў упэўнены, што наша ўлада палітыкаў ня мілуе. Яна хутчэй памілуе сапраўдных крымінальнікаў. Як яе, Жураўкова памочніцай была? Накрала мільёны — і нічога, памілаваў”.

Вячаслаў Дашкевіч не чакаў, што суд над ягоным сынам выкліча розгалас ня толькі ў беларускім грамадзтве. Амбасадары ЗША й краінаў Эўразьвязу прысутнічалі напачатку суду ля Дому правасудзьдзя, былі й на агалошаньні прысуду ў судовай залі. Яны выказалі словы падтрымкі бацьку палітвязьня.

Вячаслаў Дашкевіч параіў сыну не падаваць апэляцыі на прысуд, каб хутчэй трапіць у калёнію, дзе не такія кепскія ўмовы, як у СІЗА.

(Дашкевіч: ) “Яны ж сына майго ў Амэрыку адпусьцілі з надзеяй, што ня вернецца. Я яму таксама раіў: не вяртайся. Дык ён сказаў адкрыта: “Не, тата, не. Хрыстос нікуды не ўцякаў. Я выбраў свой шлях сьвядома й прайду яго да канца”. Я яму казаў, што, можа, на зоне лягчэй, што, можа, ня трэба ніякіх скаргаў, бо яны нічога ня зьменяць. А ён мне кажа, што яму тут стала лягчэй, чым было да суду: у іншую камэру перавялі. Шаснаццаць чалавек сядзяць пры норме васямнаццаць. Праўда, казаў, што толькі адной шыбы няма ў акне, якраз насупраць ягоных нараў, дык халаднавата. Сьпіць апрануты. А так — цярпіма”.

9 лістапада Вячаслаў Дашкевіч прыедзе са Старых Дарогаў, дзе жыве, у суд Кастрычніцкага раёну па дазвол на спатканьне з сынам. Судзьдзя Ала Булаш мусіць паставіць подпіс на адпаведным дакумэнце.
XS
SM
MD
LG