Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліст А.Казуліна з калёніі ішоў восем дзён


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сваякі Аляксандра Казуліна атрымалі ад яго першы ліст, напісаны за час галадоўкі. Апазыцыянэр выяўляе бадзёры настрой і дасьведчанасьць у справах на волі.

3 лістапада, на 15-ты дзень палітычнай галадоўкі былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, сваякі атрымалі ад яго першы ліст. Ён быў адпраўлены дамоў яшчэ 26 кастрычніка, паведаміла “Свабодзе” дачка палітыка Юлія.

(Казуліна: ) “Ён напісаў, што ў яго ўсё добра. Вось я працытую: “У галадоўку ўвайшоў нармальна. Тым больш разам са мной, як пішуць у газэтах, дасьведчаны галадоўнік — Скрабец”. Пакуль у Сяргея Скрабца мінус пяць кіляграмаў вагі, а ў таты мінус шэсьць. Яшчэ напісаў, што спачатку ў яго было рэзкае падзеньне вагі, але цяпер усё стабілізавалася. Просіць прывезьці больш вады, бо піша, на той вадзе, якая ў калёніі, жыць немагчыма.

Яны са Скрабцом адзін аднаго падтрымліваюць, пра яго ён піша: “Гэта мой духоўны брат”. На ціск з боку адміністрацыі ня скардзіцца, кажа, знайшлі разуменьне. Але гэта было ўжо тыдзень таму, бо ліст датаваны 26 кастрычніка, да нас ён ішоў ажно восем дзён”.

Паводле Юліі Казулінай, яе бацька ў лісьце выявіў паінфармаванасьць пра падзеі ў краіне, у тым ліку і пра рэакцыю на ягоную галадоўку. Пра гэта палітык ведае з розных крыніцаў, у тым ліку з сайту Радыё Свабода.

(Казуліна: ) “Тата піша, што гэта добрая ідэя — дасылаць яму вытрымкі з інтэрнэту. А я дасылаю яму вытрымкі з сайтаў “Свабоды”, “Белпартызана” і з нашага сайту — сацыял-дэмакратычнай “Грамады”. Усе цікавыя артыкулы з гэтых сайтаў”.

Сёньня ж ліст зь віцебскай калёніі атрымала і сям’я Сяргея Скрабца. Жонка былога дэпутата Аляксандра кажа, што муж ня скардзіцца на стан здароўя й піша, што яму паведамілі пра вызваленьне паводле амністыі ў сярэдзіне лістапада. Калі дакладна ён выйдзе на волю, Сяргей Скрабец не паведамляе.



Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін і былы дэпутат Сяргей Скрабец галадаюць з 20 кастрычніка. Палітыкі пратэстуюць супраць знаходжаньня пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі й патрабуюць разгледзець беларускае пытаньне ў ААН. Днямі Аляксандру Казуліну забаранілі сустракацца з адвакатам Ігарам Рынкевічам — заявілі, што “такія сустрэчы могуць дрэнна паўплываць на здароўе асуджанага”.

XS
SM
MD
LG