Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародную выставу “Нашая Горадня” адкрылі без гарадзкіх уладаў (фота)


Сяргей Астраўцоў, Горадня “Выстава пасьля пленэру”, пад назвай “Нашая Горадня”, адкрылася ўчора. Польскія, літоўскія і гарадзенскія мастакі рыхтавалі яе больш за тыдзень: малявалі Горадню, езьдзілі ў Наваградак. Падчас адкрыцьця гарадзкое кіраўніцтва зьнянацку зьнікла з выставачнай залі, пакінуўшы дыпляматаў і мастакоў, і адкрыцьцё адбылося без уладаў.

Старшыня гарвыканкаму Аляксандар Антоненка і яшчэ два чыноўнікі разглядалі перад адкрыцьцём карціны і раптам адзін за адным зьніклі, хаця сама заля належыць уладам. І тут усе заўважылі, што на выставе знаходзіцца Анжаліка Борыс — кіраўніца Саюзу палякаў, які не прызнаюць улады. Адкрывалі выставу без гарадзкога начальства Генэральны консул Польшчы Анджэй Крэнтоўскі і літоўскі консул Юргіс Чарняўскас.

Дарэчы, абодва літоўскія мастакі зьехалі, а вось усе тры польскія былі. Адзін зь літоўцаў намаляваў дзяўчыну з двума тварамі, а польскі мастак зь ім не пагадзіўся. Дырэктарка выставачнай залі Ірына Сільвановіч:

(Сільвановіч: ) “Жанчыны Горадні яму здаліся лепшымі, чым намаляваў літоўскі калега, прыгажэйшымі. Погляд літоўцаў такі, але нам здалося, што жанчыны Горадні значна пякнейшыя, сказаў ён”.

Я паразмаўляў з мастаком з Польшчы Анджэем Кацперакам. Ён сказаў, што адзін з польскіх дыпляматаў запрашаў іх летась на пленэр у Львове, а цяпер ён працуе ў Горадні, таму яны прыехалі сюды. Як на мастака, Горадня вельмі чысты прыемны горад.

(Кацперак: ) “Я намаляваў і Нёман, і тую прыгожую царкву з зоркамі на купале, і ваколіцы Горадні. Мы зрабілі сабе выезд у Наваградак, каб убачыць як выглядае Беларусь ня толькі тут, у горадзе, але і па-за горадам”.

У Горадні спадар Кацперак намаляваў дзесяць карцінаў, па адной за дзень. На выставе вывешаны пяць, адна зь іх застанецца ў горадзе. Праўда, надвор’е не спрыяла маляваньню на вуліцы, прызнаўся ён. Таму карціны заканчвалі ў майстэрні.

Учора адбылася яшчэ адна падзея ў мастацкім жыцьці: на сьцяне выставачнай залі адкрылі памятную дошку мастаку Івану Пушкову. Кіраўнік абласной арганізацыі Саюзу мастакоў Уладзімір Панцялееў:

(Панцялееў: ) “Я б зрабіў акцэнт на ягоных пэйзажах нашага Панямоньня, беларускай прыроды. Я лічу, што гэта асноўнае крэда ў яго творчасьці. Тое, што мастак пасьля вайны рабіў на ваенную тэматыку, я не лічу гэта выдатнымі творамі, усё ж-такі асноўнае месца ў яго займаў пэйзаж”.

Мастак Пушкоў памёр дваццаць гадоў таму, дошку хацелі ўсталяваць даўно, але гэта атрымалася толькі пры цяперашнім старшыні гарвыканкаму Аляксандру Антоненку, падкрэсьлівае Уладзімір Панцялееў.


Анджэй Кацперак побач са сваімі гарадзенскімі карцінамі


Анжаліка Борыс і Генэральны консул РП Анджэй Крэнтоўскі перад адкрыцьцём выставы


Такой убачыў гарадзенку Аляксандар Васбінас


Мэмарыяльная шыльда мастаку Івану Пушкову, заслужанаму работніку культуры БССР.
XS
SM
MD
LG