Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэчыца: старшыню суполкі Партыі БНФ пазбавілі працы


Радыё Свабода Ні дырэктарка прадпрыемства “Белтэхінвэнтарызацыя” Валянціна Красьнікава, ні аддзел кадраў не патлумачылі прычыны спыненьня працоўных дачыненьняў. Спаслаліся толькі на заканчэньне тэрміну кантракту.

Сам Валер Пуціцкі не сумняецца, што ягонае звальненьне зьвязанае з палітычнай дзейнасьцю. Кіраўніцтва папярэджвала яго.

(Пуціцкі: ) “У мяне такое адчуваньне: хто не галасуе й хоча нейкіх зьменаў у краіне, той, як лічаць улады, не павінен працаваць на афіцыйных пасадах. У нас ёсьць зьвесткі, што ў Рэчыцы складзены сьпіс актывістаў зь пятнаццаці асобаў, якіх ня браць на працу. Дайшла чарга й да мяне”, — лічыць спадар Пуціцкі.

Валер Пуціцкі працаваў спэцыялістам у Рэчыцкім аддзеле дзяржаўнага прадпрыемства “Белтэхінвэнтарызацыя” пяць гадоў. Ён мае вышэйшую адукацыю. Гадуе дваіх непаўналетніх дзяцей. І вось цяпер спадар Пуціцкі атрымаў паведамленньне зь менскага офісу: 18 лістапада зь ім спыняюць працоўны кантракт.

Месяц таму прадпрыемства “Белтэхінвэнтарызацыя” спыніла кантракт з калегам Пуціцкага, таксама актывістам БНФ Кастусём Баевым.

У Гомельскай вобласьці падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі й пасьля яе звольнілі з працы альбо не працягнулі кантрактаў выкладчыку гімназіі, старшыню абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васілю Палякову, юрысту Леаніду Судаленку, супрацоўніку банку Мікалаю Калюку, лекару Сяргею Трыфанаву, мэтадысту тураўскага Дому дзіцячай і юнацкай творчасьці Іне Зенінай.
XS
SM
MD
LG