Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі пэнсіянэр паставіў помнік ахвярам галакосту


Валер Каліноўскі, Менск 75-гадовы жыхар Менску Уладзімір Сьвярдлоў некалькі дзён таму ўдзельнічаў ва ўрачыстым адкрыцьці помніка ахвярам галакосту на месцы былога санаторыя “Крынкі” Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Гэты помнік ён спраектаваў і зрабіў на свае грошы ў памяць пра 84 габрэйскіх дзяцей, расстраляных нацыстамі ў красавіку 1942 году. Уладзімеру Сьвярдлову аднаму ўдалося выратавацца з той групы дзяцей.

Уладзімер Сьвярдлоў ня ведае паходжаньня свайго прозьвішча, хаця ўпэўнены, што ня мае ніякага дачыненьня да вядомага дзеяча расейскай рэвалюцыі. Родную мову – ідыш – спадар Сьвярлоў так і не засвоіў, бо ягоныя бацькі былі камуністамі, якія лічылі што ў СССР яна непэрспэктыўная. Затое спадар Сьвярдлоў добра вывучыў беларускую мову – у хаце бабы Алесі на Магілёўшчыне. Пасьля таго страшнага выпадку, калі ён уцёк з калёны дзяцей, якую вялі на расстрэл, баба Алеся – Аляксандра Звонак – знайшла зьнямоглага хлопчыка ў лесе. Пра бабу Алесю ў спадара Сьвярдлова вельмі цёплыя згадкі:

(Сьвярдлоў: ) “На такіх людзях зямля трымаецца. Я ніколі не бачыў, каб яна калі нікалі зазлавалася. Не... Мы ўсё жыцьцё зь ёю падтрымлівалі сувязь, з яе дачкой і ўнучкай”.



Баба Алеся выратавала Валодзю Сьвярдлова ў 1942 годзе і хавала ўсю вайну, нягледзячы на небясьпеку – нацысты забівалі тых, хто хаваў габрэяў.

Па вайне Уладзімер Сьвярдлоў знайшоў сваю сям’ю. Два браты яго і сястра пазьней эмігравалі: хто ў Маскву, хто ў ЗША, хто ў Ізраіль. Уладзімер Сьвярдлоў застаўся ў Беларусі:

(Сьвярдлоў: ) “Ведаеце, я ўжо зьбіраўся. Але вось пра гэта падумаў... Вельмі я пасьля вайны, пасьля ўсяго, што перажыў, вельмі я беларускі народ палюбіў, не захацеў я адсюль ехаць”.



Акрамя таго спадар Сьвярдлоў адчуваў абавязак перад тымі дзецьмі, якія загінулі на Магілёўшчыне ў часы Другой Усясьветнай вайны. Штогод езьдзіў на іх брацкую магілу. Апошнім часам пачаў заўважаць, што бэтонны помнік на ёй руйнуецца.

Два гады таму спадар Сьвярдлоў папрасіў ва ўладаў дазволу зрабіць новы помнік на гэтай магіле – паводле ўласнага праекту і за ўласны кошт. На гэтую справу ён выдаткаваў і сваю пэнсію, і ашчаджэньні.

(Сьвярдлоў: )“З таго моманту, як я ўцёк з той калёны, а потым даведаўся, што тых дзяцей нікуды не перавялі, а расстралялі, мне хацелася штосьці там зрабіць... Бо ўсё ўжо пачало там зарастаць, часам цяжка было знайсьці гэтую магілу... Мне цяпер на душы лягчэй. Я ім аддаў нейкую даніну, гэтым дзеткам. Можа, я іх энэргіяй жыву цяпер. Мне вельмі хацелася, і я зрабіў гэта, хай яшчэ іншыя людзі паставяць, бо ёсьць такія, хто мае жаданьне такое ж зрабіць. А такіх магіл у Беларусі ой як шмат”.

Пад час мінулай вайны ў Беларусі загінула больш за 600 тысяч габрэяў. Дагэтуль ня ўсе месцы пахаваньня нявінных ахвяр ушанаваныя.
XS
SM
MD
LG