Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глябальнае пацяпленьне: у Беларусі высьпяваюць пэрсікі


Ігар Карней, Менск Зьмена клімату ў Беларусі адбываецца на тле глябальнага пацяпленьня. Якія сцэнары ў гэтых працэсах акрэсьліваюць для краіны спэцыялісты?

Паводле справаздачы Белгідрамэтэацэнтру, ад 1989 году ў Беларусі назіраецца самы працяглы за апошняе стагодзьдзе пэрыяд пацяпленьня. У некаторыя гады (1989-1990, 1999-2000) тэмпэратура перавышала норму больш, чым на 1,5 градуса. Ад 1989 году сярэдняя тэмпэратура складае прыблізна амаль 7 градусаў (пры сярэдняй за стагодзьдзе 6 градусаў).

Між тым, навукоўцы, якія працуюць у галіне сельскай гаспадаркі, правялі свой аналіз зьменаў клімату на тэрыторыі былога СССР з 1975 па 2006 гады і зрабілі выснову: пацяпленьне станоўча паўплывала на сельскую гаспадарку Беларусі. Падоўжылася працягласьць вегетатыўнага пэрыяду, падвысілася цеплазабясьпечанасьць сельгаскультур. Усё гэта станоўча адбіваецца на ўраджайнасьці збожжа, бульбы і шматгадовых траваў.

Вось што кажа былы міністар сельскай гаспадаркі Беларусі, цяперашні кіраўнік аграрнай камісіі Палаты прадстаўнікоў Міхаіл Русы:

(Русы: ) “Прыкладна за 5-7 гадоў зоны з поўдня на поўнач зрушыліся на 150 км. Калі ў нас, умоўна, Берасьце зона вырошчваньня, то прыкладна такой жа зонай праз 7 гадоў будзе Віцебскі рэгіён. Таму тут неабходна выпрацаваць стратэгію: якія менавіта культуры культываваць, што і як. Глябальнае пацяпленьне – пытаньне даволі цікавае, але яшчэ ня вывучанае. Бяды для нашай сельскай гаспадаркі ад яго вялікай няма, але стратэгічны важна прадумаць: якія культуры талкова разьмяшчаць, каб яны не былі падвергнутыя засухам”.

Спадар Русы кажа, што вынікам пацяпленьня ў асобна ўзятай Беларусі карыстаюцца тысячы людзей, не надаючы гэтаму асаблівай увагі. Сам спадар Русы зьбірае ўраджай пакуль яшчэ экзатычных для Беларусі культураў.

(Русы: ) “У свацьці маёй у Жыткавіцкім раёне даўно вырошчваем пэрсікі. А грэцкі арэх (я сам нарадзіўся ў Тураве) дык у суседа заўсёды быў, толькі адну зіму падмёрз. А так увесь час грэцкі арэх пладаносіў. Што да Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей, дык там пэрсікі ад сярэдзіны 80-х растуць”.

Ападкаў за пэрыяд актыўнага пацяпленьня істотна паболела. Падвысілася колькасьць экстрэмальных кліматычных зьяваў.

Паводле прагнозу Ўсясьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі, экстрэмальнасьць клімату будзе толькі набіраць моц. Жыхары буйных гарадоў гэта ўжо адчулі – залевы суправаджаюцца затапленьнямі вуліцаў. Супрацьстаяць навале камунальныя службы пакуль ня могуць.

Гаворыць прадстаўніца Менгарвыканкаму Алена Аўрынская.

(Аўрынская: ) “Ведаеце, я дзівілася, калі ў мінулыя гады расказвалі пра Нямеччыну, Польшчу, Чэхію. Сама сабе казала: які ж павінен быць дождж, каб такая паводка была! Аказваецца, можа быць”.

Беларускія сыноптыкі бачаць некалькі сцэнароў зьмены клімату ў агляднай будучыні. Паводле аднаго, падвышэньне глябальнай тэмпэратуры ў ХХІ стагодзьдзі складзе 0,3 градуса за дзесяцігодзьдзе. У іншых выпадках тэмпэратурны прырост прагназуецца меншы – на 0,2 градусу і каля 0,1 градусу за аналягічны пэрыяд. Аднак гэтыя сцэнары маюць толькі тэарытычны характар.
XS
SM
MD
LG