Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі марудна ўкараняецца электронны гандаль?


Міхал Стэльмак, Менск Адметнасьцю 2006 году, паводле міжнародных экспэртаў, стала актыўнае разьвіцьцё ў сьвеце электроннага гандлю. Многія краіны зьвязваюць зь ім свой эканамічны й сацыяльны прагрэс. А як у Беларусі? Ці актыўна ўкараняе яна перадавыя тэхналёгіі?

У Беларусі электронны гандаль знаходзіцца ў зародкавым стане. Гаворыць кіраўнік менскага агенцтва камунікацыяў “Залаты ключ” Марк Бернштэйн:

(Бернштэйн: ) “У нас няма электроннага гандлю. То бок гэта малюмасенькая велічыня. І ня будзе яго да таго часу, пакуль дзяржава цэнтралізавана, у дадзеным выпадку ў асобе “Беларусбанку”, ня возьмецца за гэту праблему. А да таго часу мы будзем жыць і працаваць у архаічнай сыстэме, купляць і аплачваць карткі ў крамах любой краіны, апроч Рэспублікі Беларусь”.

У суседняй Расеі, напрыклад, леташні аб’ём электроннага гандлю склаў каля 4,5 мільярда даляраў. І сёлета тут чакаецца значны прырост.

У Беларусі – электронная камэрцыя не ў пашане. Чаму? Ці ёсьць грамадзкая цікавасьць да такога гандлю? З такімі пытаньнямі я зьвярнуўся да намесьніка начальніка аддзелу электронных грошай “Тэхнабанку” Андрэя Леановіча:

(Леановіч: ) “Да нас насамрэч зьвяртаецца шмат людзей, якія цікавяцца, якім чынам мы прадстаўляем паслугу – гандаль праз Інтэрнэт. Я думаю, што з прычыны таго, што не разьвіта вось гэтая інфраструктура аплаты, то бок не праз кур’ера наяўнымі грашыма, а калі чалавек можа імгненна аплаціць у інтэрнэце тавар альбо плястыкавай карткай альбо электроннымі грашыма, і тармозіцца разьвіцьцё гэтага бізнэсу”.

Спадар Леановіч – адзін з распрацоўшчыкаў плацёжнай сыстэмы WebMoney, якую “Тэхнабанк” толькі цяпер пачынае ўкараняць для сваіх кліентаў. Апроч таго, у Беларусі ёсьць яшчэ дзьве плацёжныя сыстэмы для электроннага гандлю. Аднак імі карыстаецца невялікая колькасьць людзей. Паводле экспэртаў, яны ствараліся прыватным чынам і для лякальных мэтаў. Між тым, як лічыць спадар Бернштэйн, у краіне ёсьць умовы для электроннай камэрцыі:

(Бернштэйн: ) “У нас сёньня больш як 3,5 мільёна картак, у асноўным эмітаваных “Беларусбанкам”. Я думаю, што сярод іх каля 1 мільёна карыстальнікаў Інтэрнэту. І праблема, на мой погляд, у тым, што “Беларусбанк” баіцца, ня важна па якой прычыне, але не ўкараняе сыстэму плацяжу”.

У “Беларусбанку” з такім меркаваньнем не пагаджаюцца. Гаворыць яго афіцыйны прадстаўнік Сяргей Верашчак:

(Верашчак: ) “Рэч у тым, што “Беларусбанк” робіць, пашырае кропкі ў гандлёвай сетцы і ўвёў сыстэму SMS-banking. Але псыхалёгія людзей яшчэ не гатовая да таго, каб скарысталіся гэтай паслугай ў поўным аб’ёме шырокія слаі насельніцтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG