Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная воля” друкуе “Ліст да дарагіх землякоў” Зянона Пазьняка


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ за 3 лістапада

Сёньня “Народная воля” друкуе “Ліст да дарагіх землякоў” Зянона Пазьняка. Аўтар піша: “Новае Беларускае Адраджэньне пачалося з Курапатаў i Дзядоў. Гэта сьведчыць пра глыбiню падзеi, якая выявiла працэс адраджэньня нацыянальнага духу. Дзяды несьмяротныя ў духу, i людзi, якiя адзначаюць гэтае сьвята, манiфэстуюць iснаваньне вечнасьцi”, -- канец цытаты..

“Народная воля” ў артыкуле пра шэсьце ў Курапаты 29 кастрычніка піша, што яно пачыналася з традыцыйнай міліцэйскай акцыі – так званага хапуна.

У артыкуле “Плаці альбо высяляўся” газэта паведамляе, што адміністрацыя Савецкага раёну сталіцы накіравала амаль 19 тысяч папярэджваньняў сем’ям, якія маюць запазычанасьць па аплаце за кватэру. У сувязі з гэтым аналізуецца, чаму даражэюць паслугі жыльлёва-камунальных гаспадарак.

Куды рушыць беларусам на пошукі працы – у Расею ці Польшчу? – гэта пытаньне абмяркоўваюць у “Народнай волі” удзельнікі “круглага стала”. Паведамляецца, што гутарка адбылася ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

“Ня ўсе галадоўкі вядуць да перамогі”, -- пераконвае сёньня тыднёвік “Наша ніва”. У артыкуле аналізуюцца акцыі пратэсту ў царкве “Новае жыцьцё”, у Бабруйску на “Белшыне”, галадоўкі палітвязьняў Аляксандара Казуліна ды Сяргея Скрабца.

Камуфляжнай формай памежнага кантролю ў Беларусі й Расеі абяцае стаць міграцыйная карта адзінага ўзору, прагназуе “Наша ніва”. У артыкуле “Калючы дрот ля Воршы і Смаленска” экспэрт выданьня зьвяртаецца да тэмы чарговых перашкодаў між саюзьнікамі.

“Брестская газета” друкуе сёньня нататкі пра сустрэчу старшыні Камітэту дзяржкантролю Зянона Ломаця з насельніцтвам у Берасьці. Адзначаецца, што галоўны кантралёр атрымаў 88 скаргаў. Як піша выданьне, паводле іх разгляду Ломаць паабяцаў некаторым чыноўнікам, цытую: “бранзалеты, злучаныя мэталічным ланцугом”.
XS
SM
MD
LG