Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал вакол ангельскага коміка не спыняецца


Вячаслаў Ракіцкі, Ігар Карней, Прага-Менск Пасьля фэстываляў у Кане, Таронта, Лёндане прэм’ера скандальнага фільму пра Барата адбудзецца ў пятніцу 3 лістапада ў ЗША. Стужцы прагназуюць вялікі посьпех у публікі. У той жа час улады далёкага ад ЗША Казахстану фільм успрымаюць пераважна нэгатыўна.

Скандал выбухнуў год таму, калі ангельскі комік Саша Барон Коэн на цырымоніі ўручэньня ўзнагародаў МТВ у Лісабоне зьявіўся ў выдуманым ім вобразе казахскага журналіста Барата Сагдыева. А яшчэ да цырымоніі ён пазіраваў ля аднаматорнага самалёціка выдуманай казахскай авіякампаніі, якім кіраваў аднавокі пілёт з бутэлькай гарэлкі ў руцэ. Нібыта на гэтым самалёціку Барат і прыбыў у Лісабон. На цырымоніі Коэн выканаў і пародыю на прэзыдэнта Казахстану, які расказваў пра эканамічныя дасягненьні краіны, і станцаваў “афіцыйны танец казахскага ўраду”. Тады ж МЗС Казахстану выступіла з заявай, у якой назвала выступ актора “несумяшчальным з нормамі этыкі і правіламі паводзінаў у сучасным цывілізаваным сьвеце”.

І вось цяпер на экраны выйшаў фільм пра прыгоды Барата ў ЗША. Пра абсурдысцкі гумар карціны можна меркаваць нават з рэклямнага кліпу, дзе пэрсанаж вітаецца па-польску і тлумачыць, што пераважна ён размаўляе па-казахску.

Фільм пачынаецца з таго, што казахскі журналіст на аўтамабілі, запрэжаным канём, ад’яжджае ў Амэрыку. Барат у фільме ня ведае, як карыстацца прыбіральняй, і таму мыецца вадой з унітазу. У іншай сцэне валізка Барата адчыняецца ў вагоне нью’ёркскага мэтро, і адтуль на вачох пасажыраў выскоквае жывая курыца. Кожная сцэна – з шэрагу камэдыі абсурду і, як кажуць, на мяжы фолу: казахі п’юць конскую мачу, робяць сыр з жаночага малака, уцякаюць ад габрэяў, як ад быкоў...

Прадстаўнікі казахскіх ўладаў апошнім часам ужо менш рэзка выказваюцца пра гумар Коэна, нават кажуць, што фільм выклікае пэўную цікавасьць да Казахстану – малавядомай на Захадзе краіны. Але ўсё ж лічаць, што фільм шмат у чым зьневажальны для казахаў і да таго ж уводзіць у зман заходнюю публіку. Астана вымушаная была ў адказ разгарнуць прапаганду сваёй краіны, купляючы час на тэлеканалах і ў газэтах Амэрыкі, і Эўропы для рэклямы Казахстану. У той жа час многія амэрыканскія крытыкі кажуць, што карціна ня столькі высьмейвае казахаў, колькі амэрыканцаў, якія вельмі мала ведаюць сьвет і могуць купляцца на абсурдысцкія правакацыі коміка.



Брытанскі комік Саша Барон Коэн у вобразе “казахскага журналіста Барата Сагдыева” беларускую публіку не цікавіць. У прадпрыемстве “Кінавідэапракат” нашаму карэспандэнту паведамілі, што не разглядалі стужку як “камэрцыйна апраўданую” — таму ніякіх перамоваў пра яе набыцьцё не вялося.

Кіраўніцтва “Кінавідэапракату” сумняецца, што малавядомы ў Беларусі комік здольны выклікаць інтарэс да стужкі з такой “грувасткай назвай”.

Нагадаем, што прэм’ера фільму “Барат: вывучэньне амэрыканскай культуры на карысьць слаўнага народу Казахстану” адбудзецца ў ЗША заўтра, 3 лістапада. Крыху пазьней у лістападзе фільм зьявіцца і на эўрапейскіх экранах.

Тым часам буйныя міжнародныя пракатныя кампаніі “ваююць” за наступны фільм з удзелам Сашы Барон Коэна, здымкі якога заплянаваныя на сярэдзіну 2007 году. Так, “Universal Pictures” гатовая заплаціць за эксклюзіўныя правы на паказ яшчэ ня зьнятага фільму 42 мільёны даляраў. Гэтым разам брытанскі комік маецца пераўвасобіцца ў “аўстрыйца зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй Бруна”, якога актор ахрысьціў “голасам аўстрыйскага моладзевага тэлебачаньня”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG