Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: адміністрацыя “Белшыны” часткова саступае незалежнаму прафсаюзу


Радыё Свабода Сёньня ў Бабруйску зноў адбыліся перамовы адміністрацыі адкрытага акцыянэрнага таварыства “Белшына” й прадстаўнікоў Беларускага незалежнага прафсаюзу.

Старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Васіль Корабаў даводзіць, што адміністрацыя “Белшыны” часткова саступае патрабаваньням першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу:

(Корабаў: ) “Ёсьць вусныя дамоўленасьці, ёсьць прапановы. Будзем цяпер пратакольна афармляць перамовы”.

(Карэспандэнт: ) “Лічыце, што зрухі ёсьць?”

(Корабаў: ) “Вядома, так”.

Пра тое, што адміністрацыя “Белшыны” выпраўляе памылкі адносна БНП, гаворыць і начальнік юрыдычнага ўпраўленьня прадпрыемства Міхаіл Клопаў:

(Клопаў: ) “Паразуменьне, выхад з сытуацыі ёсьць, і “Белшына” зрабіла крокі ў гэтым кірунку. Праверылі яшчэ раз. Паднялі ўсе заявы, што былі ад сябраў незалежнага прафсаюзу. Выдалі адпаведны загад. Гэтым людзям выплацяць грашовыя сумы”.

Нагадаю, што пасьля адмовы кіраўнікоў канцэрну “Белнафтахім”, акцыянэрнага таварыства “Белшына”, Бабруйскага райвыканкаму ды мясцовага суду спыніць дыскрымінацыю сябраў незалежнага прафсаюзу, адбылася масавая галадоўка. Старшыня суполкі БНП Рыгор Спасюк кажа пра вынікі пратэсту:

(Спасюк: ) “Я лічу, што галадоўка зрабіла тое, што мусіла зрабіць. Усё ж чыноўнікі адчулі, што мы можам нешта рабіць. Тое, што сёньня яны гутараць з намі, гэта добра”.

Са словаў Рыгора Спасюка, ініцыятарка галадоўкі пратэсту Алена Захожая мусіць спыніць акцыю, якая доўжыцца ўжо месяц:

(Спасюк: ) “Я буду дамагацца такога рашэньня выканаўчага бюро нашай арганізацыі. Яна будзе змушаная падпарадкавацца, бо знаходзіцца ў арганізацыі, дзе вырашае большасьць. Мы будзем працягваць перамовы спакойна”.

Алена Захожая трапіла ў шпіталь у мінулы аўторак пасьля таго, як страціла прытомнасьць на працоўным месцы.

(Захожая: ) “Маё адчуваньне даволі добрае. Лекары аказалі добрую дапамогу. Я ўжо ня плачу, не скуголю, ня б’юся галавой аб сьцяну. Цярплю і нават сьмяюся”.

Гаварыла Алена Захожая. Яна галадала ад 3 кастрычніка, пратэстуючы супраць утрыманьня кіраўніцтвам “Белшыны” выплатаў і прэміяў сябрам незалежнага прафсаюзу. Галадоўніца патрабавала таксама афіцыйнай рэгістрацыі першаснай арганізацыі БНП.
XS
SM
MD
LG