Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пасьпеюць кандыдаты ў дэпутаты аформіць дакумэнты?


Радыё Свабода Для ахвочых стаць дэпутатамі мясцовых саветаў пачынаецца самы напружаны час. 9 лістапада — апошні дзень, калі яны могуць перадаць у выбарчыя камісіі сьпісы сябраў сваіх ініцыятыўных групаў. Аднак, згодна зь дзейным заканадаўствам, пачынаць гэтую працэдуру можна не раней за 5 лістапада. А тут якраз выходныя дні. Таму патэнцыйныя прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты непакояцца, што часу можа й не хапіць.

Ініцыятыўныя групы патрэбныя толькі тым прэтэндэнтам, якія вылучаюцца выключна праз збор подпісаў. І таму, на першы погляд, вялікай бяды няма — можна балятавацца ад працоўных калектываў альбо ад партыяў. Аднак сёлета, як кажа знаўца выбарчых тэхналёгіяў Сяргей Альфер, абсалютная бальшыня апазыцыйных ды незалежных кандыдатаў абярэ вылучэньне менавіта праз збор подпісаў.

Гэта тлумачыцца тым, што партыйнае вылучэньне стала складанейшым, чым на папярэдніх рэгіянальных выбарах. А ад працоўных калектываў апазыцыя не балятавалася і раней, удакладняе спадар Альфер:

(Альфер: ) “Што тычыцца партыйнага вылучэньня, дык яно будзе вельмі неістотнае, нават улічваючы прапрэзыдэнцкія партыі. Асноўная маса, адсоткаў восемдзесят, пойдзе праз збор подпісаў”.

Кіраўнік выбарчага штабу Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Паўлаў скардзіцца на парадак працы выбарчых камісіяў:

(Паўлаў: ) “Мы ўдакладнілі толькі што у Цэнтравыбаркаме, што яны працуюць 5-га па суботнім графіку, а потым 6-га і 7-га — выходныя. Затым застаюцца 8-га і 9-га. Словам, два з паловай дня замест пяці. А наагул, мне ўсё зразумела — навошта рабіць нейкі выгляд, калі ўжо ўсё зроблена, усё расьпісана”.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік ня бачыць у парадку працы вялікай праблемы:

(Лазавік: ) “Выбарчыя камісіі, як і іншыя працоўныя калектывы, 6-га і 7-га працаваць ня будуць. Гэта зьвязана з практыкай шэрагу выбарчых кампаніяў. Як правіла, неабходныя дакумэнты звычайна падаюць у апошні дзень. І таму ў выходныя дні, напэўна, няма неабходнасьці арганізоўваць дзяжурствы выбарчых камісіяў, каб людзі толькі марнавалі час”.
XS
SM
MD
LG