Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Амбасадары ЗША й краінаў Эўразьвязу наведалі Курапаты (абноўлены, фота)</B>


Радыё Свабода Сёньня ў Беларусі адзначаюць Дзяды, дзень памяці продкаў. Амбасадары ЗША, Нямеччыны, Францыі, Латвіі, дыпляматы іншых краінаў Эўразьвязу, акрэдытаваныя ў Беларусі, наведалі месца масавых пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 1930—1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам.

Згодна з рознымі ацэнкамі, у Курапатах пахаваныя ад 40 да 200 тысяч чалавек, якіх расстралялі тут з 1937 да 1941 году. Тэрыторыя масавых пахаваньняў у Курапатах займае 19 гектараў.

Паводле дасьледчыка тэмы сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі гісторыка Ігара Кузьняцова, з афіцыйна пацьверджаных 600 тысяч ахвяраў сталінінскіх рэпрэсіяў ураджэнцы іншых краінаў і замежныя грамадзяне складаюць ня менш за 50 тысяч чалавек.

(Кузняцоў: ) “Тут літоўцы, латышы, палякі — гэта каго масава расстрэльвалі. Немцы, нямецкая апэрацыя 1937—1938 гадоў. Ёсьць французы, чэхі, славакі, баўгары. Амэрыканцаў каля 26-ці. Але гэта не абавязкова ў Курапатах. Нікто ня ведае, дзе яны пахаваныя. Гэта толькі тыя, хто афіцыйна рэабілітаваны. А ўлічваючы тое, што было ўказаньне замежных грамадзянаў не рэабілітаваць, каб не было прэтэнзіяў з боку іншых дзяржаваў, у тым ліку й матэрыяльных, то яны наагул пад рэабілітацыю амаль ня трапілі”.

Ігар Кузняцоў правёў дыпляматаў па Курапатах, распавёў гісторыю адкрыцьця гэтага месца масавых расстрэлаў у 1988 годзе. Ён паведаміў, што за апошнія гады мэмарыял быў некалькі разоў апаганены вандаламі, і паказаў сьляды, якія відаць дагэтуль. Дыпляматы ўсклалі кветкі да мэмарыяльных знакаў.

Гісторык прапанаваў дыпляматам зьвярнуцца да грамадзкіх арганізацыяў і грамадзянаў, чые родныя загінулі ў Беларусі ў час сталінскіх рэпрэсіяў, каб дапамаглі ўвечніць памяць грамадзянаў, паставіць у Курапатах памятны знак.

Амбасадар Нямеччыны Марцін Гэкер ад імя ўсіх прысутных падзякаваў за гэтую ініцыятыву й прапанаваў у студзені зноў сустрэцца з амбасадарамі Эўразьвязу, каб дэталёва абмеркаваць гэтае пытаньне.

Надзвычайны і паўнамоцны пасол ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт адзначыла:

(Ст’юарт: ) “Я і мае калегі-амбасадары лічым, што трагічныя падзеі, якія адбыліся ў Курапатах ды іншых месцах, не павінны забывацца. Лічу, што амэрыканская нацыя й амбасада, у прыватнасьці, неаднойчы пацьвярджалі імкненьне зрабіць усё, каб памяць пра загінулых у Курапатах была захаваная. Курапаты сталі адным зь месцаў, якое наведаў прэзыдэнт ЗША Клінтан падчас свайго візыту ў 1994 годзе. Ва ўсіх краінах сьвету лічыцца, што трагічныя падзеі й захаваньне памяці пра іх і ахвяраў — адна з гарантыяў таго, што яны ніколі не паўтарацца”.



XS
SM
MD
LG