Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: Анжаліка Борыс была на допыце як сьведка


Сяргей Астраўцоў, Горадня Анжаліку Борыс сёньня дапытвалі ў аддзеле дазнаньня Гарадзенскай рэгіянальнай мытні. Яе выклікалі як сьведку па крымінальнай справе аб кантрабандзе наркотыкаў, якую завялі 31 кастрычніка.

29 кастрычніка на кантрольна-прапускным пункце “Прывалка” на беларуска-літоўскай мяжы быў затрыманы аўтамабіль “аўдзі”, што належыць Анджэю Лісоўскаму і якім ён кіраваў. У машыне былі дзьве пасажыркі, адна зь якіх — Анжаліка Борыс.

Мытнікі знайшлі ў аўтамабільным люстэрку невядомы парашок, пазьней высьветлілі, што там быў амфэтамін.

Спадарыня Борыс заявіла сёньня сьледчаму, што наркотык ім падкінулі, і яна лічыць гэта правакацыяй супраць сябе як кіраўнічкі Саюзу палякаў. Пасьля допыту на вуліцы яе сустракалі сябры Саюзу.

Уначы пасьля затрыманьня на мяжы спадарыні Борыс, Анджэю Лісоўскаму і Тэрэсе Селівончык, якая ехала зь імі, зрабілі аналіз крыві на наяўнасьць наркотыкаў. Аналіз быў адмоўны, сьлядоў наркотыкаў не знайшлі.

Учора Анджэя Лісоўскага абвясьцілі падазраваным у гэтай справе, і ў яго на кватэры правялі ператрус. Нічога знойдзена не было.
XS
SM
MD
LG