Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за адстаўкай рэдактаркі “Комсомолки” Юліі Слуцкай?


Ігар Карней, Менск У газэце “Комсомольская правда в Белоруссии” адбылася зьмена рэдактара. Юлія Слуцкая, якая працавала на чале калектыву дзесяць гадоў, пайшла з пасады. Выканаўцай абавязкаў рэдактара беларускага выпуску прызначылі кіраўніцу рэклямна-інфармацыйнага тыднёвіка “Ва-Банкъ” (падразьдзяленьне выдавецкага прадпрыемства “БелКП-ПРЕСС”) Алену Міронаву. Слуцкая плянуе заняцца праектамі трэнінгу ў галіне журналістыкі.

Паводле генэральнага дырэктара выдавецкага прадпрыемства “БелКП-ПРЕСС” Марыны Стацэнкі, Юлія Слуцкая напісала заяву аб звальненьні “на ўласнае жаданьне”. На пераходны пэрыяд выканаўцай рэдактарскіх абавязкаў прызначылі Алену Міронаву, якая дагэтуль рэдагавала рэклямны тыднёвік “Ва-Банкъ”. Спадарыня Стацэнка лічыць, што з часам новая кіраўніца можа раскруціцца да ўзроўню Слуцкай.

Як да рэдактарскай ракіроўкі паставіліся ў калектыве беларускай “Комсомолки” — адназначна сказаць цяжка. Марына Стацэнка лічыць, што нікога гэта цікавіць і не павінна — кадравыя пытаньні ёсьць унутранай прэрагатывай “БелКП-ПРЕСС”, якое выдае “Комсомольскую правду в Беларуси”.

(Стацэнка: ) “У кожнага чалавека сваё меркаваньне з гэтай нагоды. Я ў цэлым меркаваньня калектыву не магу выказаць. А атрымліваць камэнтар ад кожнага супрацоўніка — дык ці патрэбна вам гэта? Гэта нашы ўнутраныя справы, я так лічу. Самае галоўнае, што газэта выходзіла й будзе выходзіць. Палітыка, канцэпцыя газэты не зьмяняецца. Вось, уласна кажучы, і ўсё”.

Напярэдадні ў Менску асабістую падзяку за шматгадовую працу дзеля агульнай справы выказаў Юліі Слуцкай генэральны дырэктар і галоўны рэдактар расейскай “Комсомольской правды” Ўладзімер Сунгоркін. Сёньня ў інтэрвію Радыё Свабода спадар Сунгоркін назваў Слуцкую адным з самых моцных рэгіянальных рэдактараў “Комсомолки”.

(Сунгоркін: ) “Прычыны сыходу? Шмат, думаю, тут усяго назапасілася. І ў аснове ўсяго тое, што быць дзесяць гадоў рэдактарам штодзённай газэты — гэта калясальная стомленасьць. Можна шмат гаварыць аб прычынах, але ў вас, у Беларусі, ня проста працаваць — гэта я ўжо апярэджваю магчымыя пытаньні. Краіна досыць спэцыфічная. І мы, адным словам, вырашылі: трэба крыху абнавіць кіраўніцтва”.

(Карэспандэнт: ) “Іншымі словамі, гэта рашэньне Масквы ў тым ліку?”

(Сунгоркін: ) “Гэта двухбаковае, безумоўна, рашэньне — і Юлі Слуцкай, і Масквы. Абодвух бакоў. Але я хачу, каб абавязкова прагучала: пры ўсім тым мы лічым Юлю нашай гвардыяй, наймацнейшым нашым рэдактарам”.

Сама Юлія Слуцкая пацьвердзіла, што 1 лістапада напісала заяву аб сыходзе з пасады рэдактаркі “Комсомольской правды в Беларуси” паводле ўласнага жаданьня. Між тым, у калектыве ёсьць меркаваньне, што рашэньне прынятае не бязь зьнешняга ўціску. Юлія Слуцкая адмовілася камэнтаваць спрэчную сытуацыю, толькі ўскосна акрэсьліўшы, чым мае заняцца ў пэрспэктыве.

(Слуцкая: ) “Буду, верагодней за ўсё, займацца трэнэрскімі праектамі ў журналістыцы”.

Цягам апошняга часу “Комсомольская правда в Белоруссии” заняла заўважнае месца сярод дэмакратычна арыентаваных выданьняў. Забаўляльнасьць і “закулісьсе” ўдала спалучаюцца з палітычнай аналітыкай. Разам зь Юліяй Слуцкай і іншыя супрацоўнікі рэдакцыі сталі сябрамі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Сама Слуцкая вылучаная на атрыманьне прэстыжнай прэміі “Цайт — для маладой прэсы Ўсходняй Эўропы” за 2006 год. Разам з тым, больш складанымі сталі дачыненьні з афіцыйнымі структурамі: у сёлетнюю прэзыдэнцкую кампанію падчас выкананьня прафэсійных абавязкаў моцна зьбіты журналіст выданьня Алег Улевіч. Вінаватых ня могуць вылічыць дагэтуль. Цэлы шэраг судовых працэсаў зь дзяржаўнымі органамі і чыноўнікамі завершыліся не на карысьць газэты. Прыкладам, за тэхнічную памылку ў газэце (пераблытаныя здымкі) старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Аляксандар Шпілеўскі адсудзіў у рэдакцыі 60 мільёнаў рублёў.

“Комсомольская правда в Белоруссии” зьяўляецца рэгіянальным выпускам расейскай “Комсомольской правды”. Наклад газэты ў звычайныя дні складае каля 50 тысяч асобнікаў, а кожны чацьвер так званая “таўстушка” выходзіць накладам больш за 300 тысяч. Выданьне зарэгістраванае ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG