Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Празе беларусы прыйшлі да магілаў прэзыдэнтаў БНР (фота)


Алена Ціхановіч, Прага 2 лістапада ў Празе выпаў першы сьнег. Але на могілках яшчэ пануе восень, асьветленая мноствам кветак. Беларусы прыйшлі і са сваімі нацыянальнымі сьцягамі.

На Альшанскіх могілках у Празе пахаваныя два прэзыдэнты БНР – Пётра Крачэўскі і Васіль Захарка. Абодва яны, па чарзе, перахоўвалі ў эміграцыі мандат першага незалежнага беларускага ўраду. Пётра Крачэўскі памёр ў 1928-м годзе, Васіль Захарка – у 1943-м. Помнікі на магілах беларускіх дзеячоў былі адноўленыя коштам фундацыі Крачэўскага, якая закладзеная беларускімі эмігрантамі ў ЗША.

Сёньня, як і ў ранейшыя гады, на Альшанскія могілкі прыйшлі сябры суполкі “Скарына”, Зьвязу беларусаў замежжа, студэнты і стажоры, што вучацца ў гэтыя дні ў Чэхіі. Сярод іх і чатыры радныя БНР – Аляксандр Лукашук, Сяргей Навумчык, Юрка Станкевіч, Уладзіслаў Яньдзюк.

Згадваючы складаны і цалкам яшчэ недасьледаваны праскі пэрыяд ураду БНР, гаварылі і пра ролю сакратаркі-апякункі Ларысы Геніюш, якая па сьмерці Захаркі (у яе ўспамінах “дзядзька Васіль”) некаторы час заставалася адказнай за лёс спадчыны БНР.

Згадвалі ўсіх выбітных беларусаў, чый лёс быў зьвязаны з Прагай. Сяргей Навумчык гаварыў пра Васіля Быкава, Юрка Станкевіч прыпомніў, як яшчэ застаў тут Забэйду-Суміцкага, наведаваў ягоную кватэру, у якой на сьпеў гаспадара ў вокнах рэзанавалі шыбы...

Збор на Дзяды стаў для беларускай грамады адной з рэдкіх магчымасьцяў сустрэчы ў шырэйшым коле. Пыталіся пра навіны зь Беларусі, дзяліся ўласнымі – хтосьці чакае сына, а хтосьці выбраў імя для сваёй нованароджанай дачкі – Алеся.

На разьвітаньне грамада фатаграфавалася на прыступках царквы – на гэты раз з унікальным сьцягам, які летась перадалі суполцы “Скарына” абаронцы лягеру на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.







XS
SM
MD
LG